Знойдзена прапаўшая год таму аргентынская падлодка



Амерыканская кампанія Ocean Infinity знайшла аргентынскую падводную лодку Сан Хуан, якая прапала ў лістападзе 2017 года. Пра гэта паведаміла прэс-служба ваенна-марскіх сілаў Аргентыны.

Падлодка была выяўлена дзякуючы тэлекіравальнаму падводнаму апарату на глыбіні 800 метраў. Пра тое, што сувязь з Сан Хуанам, на борце якой было 44 чалавекі, у тым ліку адна жанчына, прапала, паведамлялася 17 лістапада мінулага года. Падлодка ішла з порту Ушуая ў порт Мар-дэль-Плата ў цэнтральным рэгіёне краіны. 19 лістапада ВМС Аргентыны паведамілі, што атрымалі сем сігналаў з субмарыны. Яны доўжыліся ад 4 да 36 секунд. Аднак, кантакт усталяваць не ўдалося.

22 лістапада выданне Clarin напісала, што самалёт ВВС ЗША ў час пошукаў аргентынскай падлодкі выявіў вялікі металічны аб’ект. 23 лістапада прадстаўнік ваенна-марскіх сілаў краіны Энрыке Бальбі паведаміў, што ў раёне знікнення падлодкі была зафіксавана „анамальная, неядзерная, магутная і кароткая падзея”.

1 снежня Аргентына спыніла аперацыю па выратванні 44 чалавек прапаўшай падводнай лодкі і пачала аперацыю па пошуку самой субмарыны. У амерыканскай ваенна-марской выведцы прышлі да высновы, што корпус падводнай лодкі Сан Хуан пад ціскам акеанічных водаў быў поўнасцю разбураны цягам усяго 40 мілісекунд, увесь экіпаж загінуў імгненна. Сан Хуан пабудавалі ў Германіі, у склад ВМС Аргентыны субмарына ўвайшла ў 1985 годзе. Даўжыня дызельнай падлодкі сягае 66 метраў, яна можа рухацца са скорасцю да 25 вузлоў. Судна такога тыпу можа знаходзіцца пад вадой да двух дзён, не ўсплываючы на паверхню. Беларускае Радыё Рацыя