Звольнілі аднаго з лепшых работнікаў Пружанскага лясгаса



Пружанскі суд у асобе суддзі Ігара Жытко пагадзіўся з абсурднай прычынай звальнення аднаго з лепшых работнікаў Пружанскага лясгаса Анатоля Дзевянцейчыка.

Дырэктар лясгаса Уладзімір Жаўнерчык па ўказанні Берасцейскай абласной пракуратуры звольніў уласнага кіроўцу Дзевянцейчыка па прычыне, якая не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Кажа грамадская актывістка, юрыст па адукацыі Ганна Баран:

– 5 красавіка вазіў кіраўніка лясной гаспадаркі. Пры гэтым кіроўца не высветліў у яго – па асабістых ці службовых мэтах ён ездзіў. Чым дапусціў выкарыстанне аўтамабіля не ў службовых мэтах.

Хадайніцтва аб праверцы хлусні пра адсутнасць гадзіны Дзевянцейчыка на працы суддзя адхіліў. Не здзівіла суддзю абвінавачванне кіроўцы ў невыкананні абавязкаў інжынера па тэхніцы бяспекі.

Прычына адна – пакінуць без працы работніка нелаяльнага да цяперашняй улады, – кажа сябра праваабарончага цэнтра Вясна Сяржук Русецкі:

– Улады па ўсёй краіне імкнуцца нязгодных асудзіць: каго – па крымінальнай справе, каго – па адміністрацыйнай. Пакінуць людзей без працы, без сродкаў існавання. Некага выціснуць з краіны.

Анатоль Дзевянцейчык вырашыў абскардзіць рашэнне Пружанскага суда.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя