Зялёны конь і перформанс Пушкіна



На Маскоўскам праспекце ў Віцебску з’явілася новае аздабленне  – конь  са штучнай травы і драўляныя калёсы, стылізаваныя пад клумбу. 

Мастацкія вартасці “скульптуры” гараджане расцэньваюць адпаведна ўласным густам, а вось рэальны кошт  каня зусім не малы – каля 2 тысяч рублёў. На ягоным баку відаць металічную пласціну з назовам фірмы-вырабніка – “Майстэрня дэкору “Grass”,  якая збіраецца паставіць у Віцебску яшчэ 6 зялёных фігур.

Зрэшты, не столькі  зялёны конь, колькі клумба на калёсах выклікае насмешкі ў віцяблян. Дасціпнікі  ахрысцілі  яе “перформансам Пушкіна”,  і параілі  аўтарам  дапоўніць кампазіцыю віламі.  Мінулай ноччу “транспартны сродак” пацярпеў ад хуліганаў – яго павалілі набок. Работнікі “Зелянгасу” аднавілі першапачатковы выгляд,  але няма гарантый, што надоўга: калі меркаваць па каментарах у інтэрнэце, вялікага захаплення “падворак”  не выклікае.

 

Конь “пасецца”  на дашчэнту  выкашаным газоне  каля тэхналагічнага ўніверсітэту.  Непадалёк – царква Святой Таццяны.  А з “тылу” ў каня – прыстасаванне  для  сцягоў, якія з’яўляюцца тут падчас розных святаў.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя