Зянон Пазьняк заявіў пра магчымыя правакацыі 25 сакавіка



Зянон Пазьняк заявіў, што ад яго імя з фэйкавай старонкі ў сацыяльных сетках заклікаюць прыходзіць на плошчу 25 сакавіка. Пазьняк лічыць, што яго імем карыстаюцца, каб прыцягнуць людзей на плошчу.

«Гэта, безумоўна, правакацыя, зробленая невядома кім. Відавочна, на плошчы плануецца нейкая правакацыя. Хацеў бы папярэдзіць нашых беларусаў, каб былі вельмі асцярожныя. Таму што людзі, якія плануюць гэты збор на плошчы 25 сакавіка, пастаянна займаліся правакацыямі. І апошняя самая страшная правакацыя была ў 2010 годзе, калі моцна збілі людзей, 700 чалавек пасадзілі за краты і разграмілі ўсю нашу супольнасць. Гэта зрабілі тыя самыя людзі, якія зараз клічуць на плошчу», — падкрэсліў Зянон Пазьняк у відэазвароце.

Ён папярэджвае, каб людзі, якія прыйдуць на плошчу, не паддаваліся на заклікі нешта граміць ці ставіць намёты. На яго думку, яшчэ не прыйшоў для гэтага час. Бо людзі, якія выходзяць на пратэсты, не арганізаваны, і яны выходзяць, каб выказаць свае пачуцці, бо іх зняважылі Дэкрэтам №3. Калі ж будзе нейкая правакацыя, то ўлады атрымаюць магчымасць разграміць гэты рух на самым пачатку і ён знікне.

Пазьняк прапанаваў гуртавацца ў суполкі на прадпрыемствах і потым выходзіць з прапановай адмяніць Дэкрэт №3 і адправіць у адстаўку галоўных дармаедаў.

Паводле Еўрарадыё

[manual_related_posts]