З’явіўся новы беларускі адукацыйны праект – Акадэмія Астрагорскага



Паводле заснавальніка Цэнтра Астрагорскага і галоўнага рэдактара Belarus Digest Яраслава Крывога, Акадэмія Астрагорскага – гэта своеасаблівы беларускі анлайн-універсітэт, у аснове якога цыклы лекцый на важныя і цікавыя тэмы:

Мы вырашылі прыцягнуць да стварэння цікавых відэакурсаў спецыялістаў як з Беларусі так і з замежжа, каб іх з аднаго боку было цікава глядзець, а з іншага боку людзі сапраўды даведваліся б пра нешта новае. І гэта не толькі відэа-лекцыя, там таксама ёсць падкасты, ёсць праграмы навучання, ёсць тэксты гэтых лекцыі. То бок, пры жаданні, гэта можна цалкам выкарыстоўваць у вучэбнай праграме ва ўніверсітэтах, нават у школах.

Дырэктар па развіцці Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня распавядае, на каго ў першую чаргу разлічаны праект:

Тут няма ніякіх асаблівых патрабаванняў да людзей, каб яны пачалі вывучаць гэта. Вядома, даволі цяжка можа быць людзям, якія не ведаюць беларускай мовы, бо большасць курсаў усё ж па-беларуску, ці можа тым, што яшчэ навучаюцца ў школах, бо яны, магчыма не да канца падрыхтаваныя да гэтых курсаў. Але ў прынцыпе наша мэтавая аўдыторыя, гэта людзі, якім па 18-20 гадоў, якія вучацца ва ўніверсітэтах і хацелі б палепшыць свае веды.

Усе курсы дасяжныя па спасылцы ostrogorski.academy.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя