Зязюлі, свіргулі і ластаўкі-зямлянкі прыляцелі ў Беларусь



Кампанія «Жывая вясна» працягваецца – ад Беларусі зарэгістравана ўжо больш за 700 назіранняў за птушкамі-вестунамі вясны. Цяпер наша краіна па назіраннях на другiм месцы.

Амаль дзесяць гадоў таму былі выбраныя некалькі відаў птушак, і людзей з розных краін Еўропы запрасілі штогод заносіць свае першыя назіранні з імі на інтэрактыўную мапу. Вось гэтыя птушкі-вестуны вясны: белы бусел , вясковая ластаўка, чорны свіргуль , зязюля , шчурка-пчалаедка ластаўка-зямлянка — а сёлета дадалі вялікага зуйка.

Белыя буслы і вясковыя ластаўкі першымі нясуць вясну на сваіх крылах ў Беларусь. Іх ужо бачылі ва ўсіх абласцях краіны. На вясновай карце кампаніі “Жывая вясна” адзначана 563 назіранні буслоў і 126 вясковых ластавак.

Вялікага зуйка 16 красавiка бачыў у Любанскім раёне Мікалай Варабей. У Беларусі гэты паўночны кулік уключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Ён сустракаецца ў асноўным на Палессі ўздоўж Прыпяці і яе прытокаў.

Зязюля. Фота Уладзіміра Бондара, birdwatch.by

Першыя назiранні зязюлi былi зроблены у Брэсцкім і Кобрыньскім раёне. Зараз адзначана 39 назіранняў птушкі ва ўсіх абласцях Беларусі. 

А 5 траўня быў заўважаны чорны свіргуль! Для Беларусі гэта першае назіранне, а зрабіла яго Кацярына Коваль у Пінскім раёне. У Расеi ўжо 135 назіранняў свіргуля, у Чэхii — 92, а ў Ірландыi — 58.

Чорны свіргуль. Фота Уладзіміра Бондара, birdwatch.by

Свіргулёў можна ўбачыць у небе, часам вельмі высока. Яны ніколі не сядаюць, напрыклад, на правады, як ластаўкі. Адзін за адным, невялікімі чародкамі, на вялікай хуткасці і з пранізлівымі рэзкімі крыкамі, яны лятаюць вакол будынкаў і над імі. Галоўным чынам у гарадах і мястэчках, асабліва перад захадам сонца. Свіргулі – гэта суперлетуны. Амаль усё іх жыццё праходзіць у палёце, яны нават спяць у паветры. Прызямляюцца свіргулі толькі для таго, каб пасядзець на гняздзе.

Таксама ў Беларусі ўжо бачылі першых ластавак-зямлянак. Назіранне зрабіў 3 траўня ў Менскай вобласці дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі.

Ластаўка-зямлянка. Фота — Дзмітры Вінчэўскі, birdwatch.by

У гэтых птушак карычневаты верх і белы ніз, а верхняя частка грудзей мае цёмны колер і кантрастуе са светлай афарбоўкай горла. У адрозненне ад вясковых ластавак, у іх няма рыжаватай плямы на горле і доўгіх касіц на хвасце. У краіне-суседцы Польшчы ластавак-зямлянак бачылі двойчы.

У Беларусь яшчэ не вярнуліся шчуркі-пчалаедкі. Яны павінны вярнуцца ў канцы траўня, між тым як у Азербайджане ўжо адзначаны 33 назіранні шчуркi-пчалаедкi.

На сайце “Жывой вясны” можна паглядзець веснавую міграцыю ў Еўропе ў руху, для кожнага віду асобна. Па ёй мы бачым, як вясна прыходзіць у розныя краіны кантынента. Для Беларусі можна нават убачыць актыўнасць птушак і людзей па абласцях.

ptushki.org