10 гадоў не працуе экспазіцыя музея гісторыі Воршы



У 2017 годзе Ворша святкуе сваё 950-годдзе. Улады абяцаюць правесці навуковую канферэнцыю па Базылянскім манастыры, лёсам якога апекаваліся краязнаўцы. Таксама Аршанскі райвыканкам даўно абяцаў аднавіць экспазіцыю музея гісторыі і культуры Воршы, аднак ужо шмат гадоў абяцанні застаюцца нявыкананымі.

a

Таццяна Вароніна яшчэ ў 1989 годзе пачала ствараць музей, які адкрыўся ў канцы 1992 года. Гісторык адзначыла, што сабраных экспанатаў і дакументаў так шмат, што з інфармацыі, якая ёсць у фондах, можна зрабіць насычаную экспазіцыю. Аднак, пакуль не аднавілі нават старую.

— Як у 2007 годзе перад дажынкамі разабралі экспазіцыю, так яе і не аднавілі. Калі мы пачыналі ствараць музей у нас была маленькая кучка прадметаў і  ніякай навуковай базы, але з сакавіка 1989 працавалі і ўжо ў снежні 1992 года мы адкрылі музей. А тут, ёсць памяшканне, ёсць штат, фонды, але, відаць, няма жадання.

950-гадовы юбілей з дня першай згадкі Воршы ў летапісах – важная для горада дата. За апошнія гады ў горадзе з’явілася некалькі помнікаў, але ўсе звязаныя з войнамі савецкага часу, розныя танкі і гарматы. На звароты грамадзянаў наконт устаноўкі помнікаў беларускім героям мінулых стагоддзяў, звязаных з Воршай, мясцовыя ўлады адказвалі адмовай, спасылаючыся на адсутнасць грошай і іншыя прычыны. Грамадскасць Воршы не чакае нічога арыгінальнага ад сёлетніх афіцыйных святкаванняў 950-годдзя горада, верагодна, што святкаванні пройдуць у абстаноўцы афіцыёзу, а краязнаўцы, якія дазволілі сабе крытыку мясцовай улады, на ўрачыстасці запрошаныя не будуць.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша

Фота аўтара