100 гадоў Івану Мележу



8 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.

Іван Мележ пражыў толькі 55 гадоў, але за гэты кароткі жыццёвы шлях ён напісаў шмат выдатных твораў, сярод якіх – цыкл раманаў “Палеская хроніка”: “Людзі на балоце”(1962), “Подых навальніцы” (1966) і “Завеі, снежань…”(1978). Гэтыя раманы прынеслі яму сусветную вядомасць. Твор “Людзі на балоце” пісьменнік называў “лірычным раманам”, а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявіліся грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі ў 1920-х-1930-х гадах, праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з разуменнем душы беларускага селяніна. “Палеская хроніка” Івана Мележа стала нацыянальнай эпапеяй. За раман “Людзі на балоце” Іван Мележ атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа і Ленінскую прэмію за раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”. А таксама Дзяржаўную прэмію за кнігу крытычных нарысаў і артыкулаў “Жыццёвыя клопаты” (пасмяротна).

Жыццю і творчасці Івана Мележа прысвечаны дакументальны фільм “Іван Мележ” па сцэнарыю Вячаслава Адамчыка. Рэжысёр Віктар Тураў і аператар Дзмітрый Зайцаў паставілі мастацкі фільм “Людзі на балоце” у 1981 годзе, які атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР, а потым быў зняты фільм “Подых навальніцы” у 1982 годзе. А ў 1984 годзе Віктар Тураў зняў таксама 8-серыйны тэлевізійны фільм па раманах Івана Мележа. Па раману “Людзі на балоце” беларускія тэатры паставілі шэраг спектакляў, а за тэлеспектакль “Людзі на балоце” у 1966 годзе была атрымана Дзяржаўная прэмія Беларусі…

У 1979-1985 гадах у Менску выйшлі з друку творы Івана Мележа ў 10 тамах.

Іван Мележ з жонкай і дачкой

Іван Мележ з дачкой Ларысай

Іван Мележ і Іван Шамякін

Іван Мележ з пісьменнікамі, 1974 г.

Іван Мележ каля роднай школы

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя