100 гадоў з дня нараджэння Алеся Салаўя



Беларускі паэт, грамадскі дзеяч, эмігрант Алесь Салавей (сапраўднае прозвішча Альфрэд Радзюк, у эміграцыі Альберт Кадняк) нарадзіўся 1 траўня 1922 года ў вёсцы Крысава Койданаўскай воласці Менскага павету.

Яго бацька скончыў сельскагаспадарчы інстытут і працаваў у гарадках вакол Мінску. З 1934 года бацька быў загадчыкам гандлёвага аддзела Дзяржынскага райспажыўсаюза, сюды пераехала і яго сям’я. У Дзяржынску Альфрэд Радзюк вучыўся ў сярэдняй школе разам з вядомым у будучым гісторыкам Міколам Ермаловічам.

У жніўні 1937 года былі арыштаваны бацькі Альфрэда, а таксама два малодшыя браты і сястра. Бацька Радзюка быў расстраляны ў Менску 10 студзеня 1938 года, маці засуджаная да 10 гадоў зняволення ў сталінскіх канцлагерах. Хлопец быў змушаны ўладкавацца на працу, працаваў на разгрузцы вагонаў, на торфараспрацоўках і вывазцы лесу. У 1938 годзе паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, дзе змог правучыцца толькі два гады. Да пачатку вайны нейкі час працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газеты «Чырвоная Лагойшчына». На фронт яго не ўзялі з прычыны хворага сэрца і кепскага зроку.

На пачатку вайны Альфрэд Радзюк пераехаў у Мінск, дзе пры дапамозе літаратара і грамадскага дзеяча Уладзіміра Дудзіцкага ўладкаваўся ў рэдакцыю «Беларускай газэты», з 1942 года стаў падпісвацца псеўданімам Алесь Салавей. Працаваў у павятовай управе ў Іллі (Вялейская акруга), з кастрычніка 1942 года па жнівень 1944-га – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Новы шлях» (Рыга). У 1944 годзе ў звязку з наступам савецкіх войскаў Алесь Салавей з’ехаў з Беларусі. Апынуўся спачатку ў Беластоку, дзе адбылося знаёмства з Хведарам Ільяшэвічам, Майсеем Сяднёвым, потым у Берліне, у Празе сустракаўся з Ларысай Геніюш. У 1945-49 гадах жыў у лагеры перамешчаных асобаў у горадзе Зальцбург (Аўстрыя). Удзельнічаў у выданні газеты «Зь беларускага жыцьця» і часопіса «Пагоня», вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне. У Зальцбургу Алесь Салавей ажаніўся з Зінаідай Кадняк, з якой пазнаёміўся ў Берліне.

У 1944 годзе ў Рызе выходзіць першая кніга Алеся Салаўя “Мае песні. Яна складалася з трох раздзелаў: “Узыйдзе ранак срэбны на лугі”, “І заплакалі сумныя далі”, “Так блізка і гэтак і далёка”, а таксама паэмы “На хуткіх крылллях вольнага Пегаса”. Кніга мела падзагаловак “Зборнік лірыкі думкі” – лірыкай думкі прасякнуты вершы паэта самай разнастайнай тэматыкі: прыродаапісальнай, кахання, уласна-аўтабіяграфічнай, нацыянальна-патрыятычнай.

Зальцбургскія гады аказаліся самымі плённымі ў творчым жыцці Алеся Салаўя. Ён закончыў паэму “Домік у Менску”, напісаў паэмы “Звіняць званы Святой Сафіі” (1946) і “Сын” (1947), выдаў зборнік вершаў “Сіла гневу”, пачаў укладанне наступных – “Вянкі” і “Несмяротнасць”. 
У 1948 годзе выходзіць другі зборнік Алеся Салаўя “Сіла гневу”. У ім сабраны творы даваенныя, ваенныя і савецкага часу: з 1937-га па 1947 год.

У 1949 годзе разам з сям’ёй выехаў у Аўстралію. Першыя некалькі гадоў жыў у горадзе Адэлаіда (Паўднёвая Аўстралія), удзельнічаў у арганізацыйным сходзе тутэйшых беларусаў у лютым 1950 года. Пазней перабраўся ў Мельбурн (Вікторыя), дзе таксама далучыўся да грамадскага жыцця. Сябра Згуртавання беларусаў у Вікторыі, пазней культурны рэферэнт Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі і сябра беларускай секцыі радыё 3ZZ у Мельбурне (1976-77 гг.). Перапісваўся з Ларысай Геніюш, якая вярнулася з ГУЛАГа пасля смерці Сталіна.

Пазней выйшлі наступныя яго кніжкі: «Нятускная краса: Збор твораў», Unfading Beauty: Collected Poems. — Нью-Ёрк — Мэльбурн: БІНІМ, 1982; «Сіла гневу. Лірыка (1937—1947). — [Osterhofen, Whiteruthenian Magazine], «Sakavik», 1948.

Памёр Алесь Салавей 22 студзеня 1978 году ў Мельбурне ад разрыву сэрца ў час купання ў акіяне. Пахаваны на могільніку Фоўкнэр Меморыял Парк каля Мельбурна. Пасля яго смерці выйшлі мемуары жонкі Зінаіды Кадняк. Гэтую кніжку, якая выйшла пад назвай «Успаміны пра Алеся Салаўя» у Нью-Ёрку ў 1999 годзе, уклаў Лявон Юрэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя