100 гадоў з дня нараджэння Аўгена Кавалеўскага



Беларускі драматург, культурны дзеяч у эміграцыі (Нямеччына, Францыя) Аўген Кавалеўскі нарадзіўся ў Маскве акурат на праваслаўныя Каляды – 7 студзеня 1921 года. Бацькі Аўгена, беларусы па паходжанні, неўзабаве пасля яго нараджэння вярнуліся ў сталіцу Беларусі Мінск. Выхоўваўся Аўген у дзіцячым садку, дзе выхавацелькай была Уладзіслава Луцэвіч – цётка Ўладзя, жонка Янкі Купалы. У 1937 годзе родны дзядзька, а потым і бацька Аўгена Кавалеўскага былі арыштаваныя і рэпрэсаваныя савецкім сталінскім рэжымам. Да сям’і яны ўжо не вярнуліся. Пазней у сваіх успамінах Аўген Кавалеўскі апісаў трагічную ноч арышту свайго бацькі.

Далейшы лёс Аўгена склаўся таксама няпроста. Ён скончыў сярэднюю школу №45 г. Мінску. Яшчэ ў школьныя гады браў удзел у дзіцячых пастаноўках Тэатра юнага гледача. Пазней, па рэкамендацыі знакамітага драматурга і рэжысёра Еўсцігнея Міровіча накіраваўся ў школу пры Беларускім Дзяржаўным тэатры. Перад вайной Аўген закахаўся ў 19-гадовую беларускамоўную студэнтку філфаку мінскага ўніверсітэту Ніну, каханне сталася ўзаемным і пара збіралася пажаніцца. Маладыя людзі планавалі будучыню, чыталі беларускія часопісы, выязджалі ў вёскі збіраць фальклор. Але неўзабаве дзяўчына захварэла на тыфус і хутка памерла.

У 1944 годзе ў час другой сусветнай вайны Аўген Кавалеўскі перад вяртаннем саветаў з’ехаў з Беларусі ў Нямеччыну. Жыў у адмысловых лагерах для перамешчаных у нямецкіх гарадках Рэгенсбургу, Міхельсдорфе, Остэргофене. Кавалеўскі заснаваў з прафесійных актораў на эміграцыі ансамбль песні і танца пад яскравай назвай “Жыве Беларусь!”, пазней ператвораны ў Тэатр Эстрады, які ездзіў з гастролямі па розных ДП лягерах. У 1947 годзе ў Міхельсдорфе выдаў сваю працу “Кароткі курс навучання актора”.

Аўген Кавалеўскі пісаў таксама апавяданні, фельетоны і п’есы, якія публікаваліся як на старонках беларускіх эміграцыйных часопісаў “Сакавік”, “Моладзь”, “Напагатове” і іншых, гэтак і выходзілі асобнымі выданнямі: “Вясновы жук” (Амбэрг—Рэгенсбург, 1946 год), “Лекар мімаволі” (Рэгенсбург, 1946 год), “Ліхадзейка” (Міхельсдорф, 1946 год), “Шапка няўгледка” (Міхельсдорф, 1947 год), “Блакітная Вілія” (Остэргофэн, 1948 год), “Госьці з Тунісу” (Міхельсдорф, 1948 год), “Случчакі” (Парыж, 1949 год).

У 1949 годзе Кавалеўскі перабраўся з Нямеччыны ў Францыю, у гэтай краіне з-за браку сродкаў на жыццё быў змушаны працаваць у парыжскай кравецкай майстэрні. На пачатку 1950-ых гадоў быў сакратаром і кіраўніком аддзелу культуры Галоўнай Управы Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі. 27 лістапада 1955 года ў залі Salle Iena ў Парыжы адбылася прэм’ера спектакля па драме Аўгена Кавалеўскага “Асуджаныя”. Ён сам паставіў гэты спектакль і выконваў у ім адну з галоўных роляў. Пастаноўка выклікала вялікі рэзананс сярод тэатралаў французскай сталіцы.

Памёр Аўген Кавалеўскі  13 жніўня 1963 года ў Парыжы. Па іншай версіі, паводле інфармацыі летапісца беларускай эміграцыі Міколы Панькова, у іншым французскім горадзе – Руане. Імя Аўгена Кавалеўскага, на жаль, дагэтуль малавядомае нават сярод беларускай грамадскасці. Адзін з твораў Кавалеўскага – “Ліхадзейка” змешчаны ў калектыўным зборніку “Урачыстасьць у садзе”. Драматургія беларускай эміграцыі ХХ стагодзьдзя”. Кніжка выйшла ў Мінску ў 2007 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя