100 гадоў з дня нараджэння Язэпа Юхо



Беларускі навуковец, гісторык права Язэп Юхо нарадзіўся 19 сакавіка 1921 года ў Пінску. У найноўшай гісторыі ён вядомы як заснавальнік першай навуковай школы дзяржавы і права Беларусі, сябра Вялікай Рады міжнароднага грамадскага аб’яднання Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

У 1938 годзе Язэп Юхо скончыў сярэднюю школу і паступіў вучыцца ў Беларускі палітэхнічны інстытут. У 1939 годзе яго забралі ў войска, Юхо пачаў служыць у Горкаўскай вучэльні зенітнай артылерыі. Вайну 20-гадовы Язэп пачаў пад Масквой, служачы камандзірам агнявога ўзводу. Потым ваяваў на Паўднёвым і Заходнім фронтах, дзе быў намеснікам камандзіра зенітнай устаноўкі і начальнікам артылерыі стралковага палку. Двойчы ў час баявых дзеянняў моцна паранены. Калі пазней Заходні фронт пераўтварылі ў Трэці Беларускі фронт, Язэп Юхо ў складзе сваёй ваеннай часткі ўдзельнічаў у вызваленні ад фашыстаў Віцебску, Полацку, пры наступленні савецкай арміі дайшоў да Ўсходняй Прусіі. Скончыў вайну ў званні маёра. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі “Чырвонай Зоркі”, “Айчыннай вайны” 1 ступені, медалямі. У 1946 годзе дэмабілізаваўся з арміі.

У 1949 годзе Язэп Юхо скончыў Менскі юрыдычны інстытут, у 1954 годзе – аспірантуру пры Інстытуце філасофіі і права Акадэміі Навук БССР. У 1949-51 гадах працаваў народным суддзём Варашылаўскага раёну Менску. У 1952-56 гадах – навуковы супрацоўнік Інстытуту філасофіі і права АН БССР. У 1956-60 гадах быў дацэнтам кафедры грамадзянскага і грамадзянска-працэсуальнага права юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. У розны час займаў пасады загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ, намесніка дэкана юрыдычнага факультэту. У 1960-64 гадах – намеснік старшыні юрыдычнай камісіі пры Савеце Міністраў БССР.

Як даследчык права Язэп Юхо напісаў больш чым 200 навуковых працаў. У 1954 годзе абараніў у Інстытуце дзяржавы і права АН СССР кандыдацкую дысертацыю на тэму “Устанаўленне Савецкай улады ў Заходняй Беларусі ў 1939 годзе”. У 1980 годзе адбылася абарона ў Кіеўскім дзяржаўным унівэрсітэце імя Тараса Шаўчэнкі доктарскай дысертацыі на тэму: “Грамадска-палітычны лад і права Беларусі ў XVI стагоддзі”.

Калі надышла гарбачоўская перабудова, Язэп Юхо актыўна ўлучыўся ў грамадскі рух і нацыянальнае адраджэнне Беларусі. Як кваліфікаваны юрыст браў чынны ўдзел у падрыхтоўцы праекту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. Быў адным з ініцыятараў і аўтараў перавыдання, перакладу, напісання каментароў і даведніка да Статуту ВКЛ 1588 года. Абгрунтаваў, што Статуты ВКЛ былі першымі ў Еўропе дасканалымі зводамі законаў. Даследаваў дзяржаўна-прававыя погляды Францішка Скарыны і прапанаваў ідэю пра ягоны ўдзел у складанні і рэдагаванні Статуту ВКЛ 1529 года. Выказаў палажэнне пра канфедэрацыйны падзел Рэчы Паспалітай, якая складалася з дзвюх самастойных і суверэнных дзяржаваў – Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Пачаў вывучэнне ў Беларусі жыцця і дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі. Даследаваў паходжанне назваў, якія надаваліся Беларусі ў розныя часы. Юхо – суаўтар першага “Юрыдычнага энцыклапедычнага даведніка” на беларускай мове. Аўтар вядомых дапаможнікаў “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі” і “Кароткі нарыс па гісторыі дзяржавы і права Беларусі”. Быў сябрам Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ.

Памёр Язэп Юхо ў Менску 29 ліпеня 2004 года. Пахаваны на Вайсковых могілках.

Беларускае Радыё Рацыя