110 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Шыдлоўскага



Беларускі грамадскі і культурны дзеяч Аляксандр Шыдлоўскі нарадзіўся 18 чэрвеня 1911 года ў вёсцы Мінкі (Смаргонскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны сям’я Шыдлоўскіх была ў бежанстве ў горадзе Сімбірск. Пасля вяртання ў 1922 годзе Аляксандр Шыдлоўскі пяць гадоў вучыўся ў Смаргонях, у 1927-ым паступіў у Віленскую беларускую гімназію, дзе пазнаёміўся з беларускімі дзеячамі міжваеннага часу – Рыгорам Шырмам, Сяргеем Паўловічам, Максімам Гарэцкім, Адамам Станкевічам. У гімназіі далучыўся да падпольнага беларускага камуністычнага руху, за што быў з гімназіі выключаны ў 1929 годзе. Быў у Клецкай беларускай гімназіі, адкуль па патрабаванні паліцыі выключаны.

Удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі, за што неаднаразова арыштоўваўся тагачаснымі польскімі ўладамі. У 1928 годзе стаў інструктарам у Вільні беларускага парламенцкага клуба “Змаганне” у польскім Сейме, выконваў падпольныя даручэнні КПЗБ. Праз нейкі час у 1930 годзе арыштаваны на Браслаўшчыне і прыгавораны да 5 гадоў турмы. Сядзеў у розных польскіх турмах.

Пасля вызвалення ў 1936 годзе Шыдлоўскі жыў і працаваў рабочым у Варшаве – на вугальным складзе, у псіхіятрычным шпіталі, на будоўлі. Актыўна ўдзельнічаў у працы “Беларускага асветнага таварыства” якое стварыў разам з сваім братам Язэпам Урбановічам. Гэта была апошняя ў міжваеннай Польшчы легальная беларуская арганізацыя. Праца арганізацыі была скіравана да беларускіх рабочых у Варшаве. У 1937 годзе зноў трапіў у турму. У гэты перыяд пасябраваў з паэтам-падпольшчыкам Максімам Танкам. У гэты ж час збіраў беларускія народныя песні, апрацоўваў іх, спяваў у беларускіх хорах.

Аляксандр Шыдлоўскі з сябрам Апанасам Цыхуном

З 1940 году – артыст Беларускага ансамбля песні і танца, пазней таксама вядоўца канцэртавых праграм. У час Другой сусветнай вайны быў артыстам хору Рыгора Шырмы, выступаў перад параненымі ў шпіталях, працаўнікамі тылу, ездзіў па франтах. Ансамбль выступаў на Ўрале, Кузбасе, у Сярэдняй Азіі.

У 1943 годзе Беларускі ансамбль песні і танца вярнуўся ў Беларусь, з 1944-га ён працаваў у Гародні. З 1950 года Шыдлоўскі стала жыў у Гародні, з 1951-га настаўнічаў. Скончыў завочна гістарычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэту, працаваў настаўнікам у гарадзенскай школе №10. Кіраваў самадзейнымі хорамі на розных прадпрыемствах. з 1960-га – дырэктар, у 1972-1996 – вядучы спецыяліст Гарадзенскага абласнога Дома народнай творчасці (з 1991-га – абласны метадычны цэнтр). Метадычна дапамагаў музычным калектывам вобласці, ствараў новыя. Пісаў песні на свае вершы.

ансамбль „Нёман”

Аляксандр Шыдлоўскі – аўтар вядомых песень “Ой, ты, Нёман родны”, “Песня пра Гродна”, “Колькі ў небе зор”, “Гродзенскі вальс” (“Між зялёных дубоў”), “Ой зайграйце, музыкі”, “Чараўніца”, “Там, пад гаем”, “Дарагая мая Беларусь”. Выйшлі асобныя зборнікі “Песні” (1964), “Ляці, наша песня” (1990). Таксама стварыў некалькі песенных калектываў.

Творчая спадчына Шыдлоўскага налічвае каля 200 твораў. Найбольш папулярная песня – “Колькі ў небе зор” – прысвечана жонцы Варвары Яфімаўне, з якой ён разам пачынаў артыстычны шлях у Беларускім ансамблі песні і танца.

Памёр Аляксандр Шыдлоўскі 26 верасня 2002 года ў Гародні, пахаваны на гарадзенскіх могілках па праспекце Касманаўтаў. У 2011 годзе ў Гародні ў дзень сотых угодкаў на будынку па вуліцы Савецкая-8 была адчынена мемарыяльная дошка ў гонар кампазітара.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя