110 гадоў з дня нараджэння Янкі Чабора



Пра беларускага паэта Янку Чабора ведама зусім няшмат. Лёс яго быў кароткім і трагічным, паколькі і гэты паэт быў загублены ў маладым веку савецкім антычалавечым рэжымам.

Беларускі паэт, публіцыст, удзельнік заходнебеларускага руху Янка Чабор (сапраўднае прозвішча Іван Патаповіч) нарадзіўся 11 ліпеня 1911 года ў вёсцы Рачканы Слуцкага павету (цяпер Ляхавіцкі раён). 

У 1931 годзе Іван Патаповіч скончыў Віленскую беларускую гімназію. Пасля вучыўся ў Віленскім універсітэце. Першыя свае вершы змясціў у 1928 годзе ў рукапісным часопісе падпольнай камсамольскай групы Віленскай беларускай гімназіі «Васілёк» (№ 1). У 1931 годзе апублікаваў «Адкрыты ліст» з заклікам да заходнебеларускіх пісьменнікаў аб’яднацца ў адзіную пісьменніцкую арганізацыю. Адзін са стваральнікаў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. 10.12.1933 на з’ездзе пісьменнікаў абраны рэдактарам-выдаўцом часопіса «Літаратурная старонка», які стаў друкаваным органам Літаратурнага фронту. Першы нумар часопіса выйшаў з друку 25.1.1934 і адразу быў канфіскаваны ўладамі Польшчы. Янка Чабор быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі.

Выйшаў з турмы Янка Чабор у верасні 1936 года па амністыі. Заняўся арганізацыяй кааператываў у вёсках сваёй ваколіцы. У 1939 годзе браў удзел у арганізацыі работы першых савецкіх устаноў у Заходняй Беларусі. Быў рэпрэсаваны сталінскім рэжымам. Мяркуецца, што загінуў у савецкім канцлагеры ў 1943 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя