125 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Орсы
Беларускі педагог, доктар прыродазнаўства, дзеяч беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША Аляксандар Орса нарадзіўся 24 ліпеня 1896 года ў мястэчку Нягневічы (Наваградскі раён). У 1913 годзе скончыў гарадское вучылішча ў Наваградку, у 1915 годзе там жа – настаўніцкія курсы. Далей скончыў сярэднюю школу пры Украінскім педагагічным інстытуце (1923 год) і прыродазнаўчы факультэт Карлава ўніверсітэта ў чэшскай Празе.
У час Першай сусветнай вайны Аляксандр Орса быў мабілізаваны ў расейскую армію на Заходні фронт, служыў шарагоўцам першай кавалерыйскай дывізіі. Вярнуўся з вайны ўжо ў рангу капітана. Быў прадстаўніком сваёй воласці пры размеркаванні харчовай дапамогі ЗША пацярпелым ад вайны, актыўнічаў ў выбарчай кампаніі 1922 году, калі беларусы ў Наваградскай акрузе здабылі тры пасольскія месцы ў Сойме і адно – сенатарскае. Пасля вяртання на радзіму ў Заходнюю Беларусь Орса выкладаў прыродазнаўства ў Наваградскай беларускай гімназіі (1929-34 гады), пазней працаваў у польскай пачатковай школе (1934-39 гады), сярэдняй школе (1939 год), педагагічным вучылішчы (1940-41 гады). З Прагі ў Наваградак Орса вярнуўся з ступенню доктара навук і з жонкаю Наталляй, сваёй колішняй суседкай, якая таксама здабывала навуку ў чэшскай сталіцы. Орсы разам працавалі ў беларускай гімназіі, дзе польская дзяржава плаціла заробкі толькі чатыром з двух дзясяткаў настаўнікаў. Гэтыя чацвёра, у ліку якіх доктар Орса, дзялілі свае грошы на ўсіх калегаў.
У 1941 годзе, у час Другой сусветнай вайны, быў абраны на пасаду акруговага школьнага інспектара Наваградскай акругі. Браў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе ў Мінску. У 1944 годзе перад небяспекай пераследу саветамі выехаў у Нямеччыну. У Германіі быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу (Міхельсдорф).
У 1949 годзе ў ліку іншых беларусаў пераехаў у Амерыку. У ЗША жыў у Нью-Ёрку. Аляксандр Орса – адзін з заснавальнікаў і сяброў Беларуска-амерыканскга задзіночання, стваральнік у Нью-Ёрку першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, ініцыятар стварэння і заснавальнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, арганізатар першых беларускіх школ у Нью-Ёрку. Орса меў сярод суайчыннікаў вялікі аўтарытэт, уваходзіў ва ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі (меў там пасаду міністра асветы). Рэдагаваў падручнікі для сярэдніх эмігранцкіх беларускіх школ.
У сям’і педагогаў Аляксандра і Наталлі Орсаў нарадзіліся дзве дачкі – Галіна і Ала. З лета 1944 года разам з бацькамі яны апынуліся на эміграцыі. Галіна Орса (1930-1984) стала ў ЗША беларускай грамадска-культурнай дзеячкай, педагогам. Ала Орса-Рамана (нарадзілася ў 1936 годзе) яшчэ больш вядомая сярод беларусаў свету. Яна таксама грамадская і культурная дзеячка беларускай дыяспары ў ЗША, ведамая сваімі дабрачыннымі праектамі. У 1956-1992 гадах Ала Орса-Рамана – кіраўнічка беларускага танцавальнага ансамбля «Васілёк» (Нью-Ёрк), які у дзевяностыя гады прыязджаў у Беларусь з канцэртамі. Да ўсяго – яна аўтарытэтная амерыканская навукоўца-хімік, доктар хімічных навук. Працягвае сваю актыўную беларускую дзейнасць дагэтуль.
Памёр Аляксандр Орса 2 лістапада 1959 года ў Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілках парафіі Жыровіцкай Божай Маці у Іст-Брансьвіку (штат Нью-Джэрсі). На надмагільным помніку Орсу напісана: “Змагару за волю Беларусі, Настаўніку…”.
Беларускае Радыё Рацыя
