125 гадоў з дня нараджэння жонкі Янкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч



25 снежня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння заслужанага дзеяча культуры Беларусі, даследчыцы беларускай літаратуры, жонкі Янкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч.

1ku

Уладзіслава Францаўна вельмі любіла Вялікакракоцкую сельскую бібліятэку імя Янкі Купалы Слонімскага раёна. Вясковая бібліятэка стварылася ў 1927 годзе. Гэта была першая ўстанова культуры Беларусі, якой было нададзена імя народнага песняра.

Уладзіслава Луцэвіч некалькі разоў бывала на Слонімшчыне і аказвала вялікую дапамогу бібліятэцы. Жывучы ў Менску, яна амаль кожны месяц прысылала ў бібліятэку пісьмы, бандэролі і пасылкі з кнігамі і альбомамі. У 1951 годзе Уладзіслава Францаўна ўпершыню наведала Вялікую Кракотку, а ў 1957 годзе прымала ўдзел у святкаванні 30-годдзя бібліятэкі. Сустрэчы з гэтай жанчынай старэйшыя жыхары вёскі  заўсёды ўспамінаюць з вялікім хваляваннем, радасцю і цеплынёй. Жонка Янкі Купалы была вельмі задаволена, што бібліятэка на Слонімшчыне носіць імя яе мужа.

Дзякуючы Уладзіславе Францаўне, для бібліятэкі прысылалі свае кнігі з аўтографамі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак, Янка Брыль, Пятрусь Броўка, Іван Шамякін, Піліп Пестрак і многія іншыя дзеячы нацыянальнай літаратуры.

Самай каштоўнай рэліквіяй, якую захоўвала бібліятэка, — гэта аўтограф Якуба Коласа. У 1952 годзе з Мінска ён прыслаў бібліятэцы сваю кнігу “Адшчапенец”, выдадзеную ў 1950 годзе. На тытульным лісце кнігі чарнільнай ручкаю было напісана: “Бібліятэцы імя Янкі Купалы вёскі Вялікая Кракотка. Якуб Колас. 2.8.1952 г.”.

Вялікакракоцкая сельская бібліятэка імя Янкі Купалы Слонімскага раёна праіснавала 80 гадоў. Цяпер усе экспанаты і кнігі з аўтографамі Вялікакракоцкай бібліятэкі імя Янкі Купалы захоўваюцца ў музеі кнігі Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа.

  1. Чытачы Купалаўскай бібліятэкі ў вёсцы Вялікая Кракотка, 1965 г.
  2. Уладзіслава Луцэвіч за сталом другая справа на 30-годдзі Вялікакракоцкай бібліятэкі, 1957 г.
  3. Выступае Уладзіслава Луцэвіч на 30-годдзі Вялікакракоцкай бібліятэкі, 1957 г.
  4. Уладзіслава Луцэвіч у вёсцы Вялікая Кракотка з вяскоўцамі, 1950-я гады

Вольга Рагозік, Беларуская Радыё Рацыя