140 гадоў з дня нараджэння Усевалада Ігнатоўскага



Беларускі гісторык, грамадска-палітычны дзеяч, першы прэзідэнт Акадэміі Навук Усевалад Ігнатоўскі нарадзіўся 19 красавіка 1881 года ў вёсцы Такары (Камянецкі раён). Паходзіў з сям’і настаўніка. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, потым – у Магілёўскай семінарыі. У 1902 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта, аднак за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях і распаўсюд улётак двойчы высылаўся: спачатку на радзіму, потым – у Аланецкую (Архангельскую) губерню.

У 1908 годзе, калі аслабла хваля рэвалюцыйнага ўздыму, здабыўшы фальшывую даведку пра сваю “палітычную надзейнасць”, Усевалад Ігнатоўскі паступіў у Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт. У 1911 годзе скончыў яго. Далей працаваў у Вільні ў адной з прыватных гімназій. З 1914-га па 1921-ы гады працаваў выкладнікам, старшынём педагагічнай рады Менскага настаўніцкага інстытуту. Фактычна ён быў рэктарам гэтай установы, якая ў час вайны да лета 1918 года працавала ў эвакуацыі ў горадзе Яраслаўлі. Яшчэ раней – у 1901 годзе – Ігнатоўскі ўступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і заставаўся ў ёй да кастрычніка 1917 года.

У жніўні 1920 года ў першым сацыялістычным урадзе Беларусі, Ігнатоўскага нечакана прызначылі народным камісарам земляробства. Ён рупліва ўзяўся за працу. Але неўзабаве Аляксандр Чарвякоў, Язэп Адамовіч і іншыя кіраўнікі рэспублікі, якія ўжо добра ведалі магчымасці і схільнасці Ігнатоўскага, зразумелі дапушчаную недарэчнасць. У снежні таго ж года, ён становіцца народным камісарам асветы рэспублікі, той сферы, дзе ён меў досвед і дзе найбольш быў патрэбны.

11 ліпеня 1921 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Шэрагу навукоўцаў, якія паспелі зарэкамендаваць сябе ў розных галінах дзейнасці маладой рэспублікі Саветаў, было нададзена пачэснае званне “прафесара”. Сярод іх быў і Усевалад Ігнатоўскі. Пры яго актыўным удзеле ў лютым 1922 года ў Менску адбылася яшчэ адна надзвычай важная падзея: адкрыццё Інстытута беларускай культуры. Спачатку яго ўзначальваў Сцяпан Некрашэвіч, а з 1926 года старшынём стаў Усевалад Ігнатоўскі. I адразу ж па яго ініцыятыве структура інстытута была зменена: выпрацоўваліся падыходы да пераўтварэння яго ў Акадэмію навук Беларусі. Афіцыйна стварэнне Беларускай акадэміі навук было абвешчана ў 10-ю гадавіну ўтварэння Беларускай ССР – у студзені 1929 года. Першым прэзідэнтам галоўнай навуковай установы стаў якраз Ігнатоўскі. На пасадзе прэзідэнта БАН ён працаваў менш двух гадоў. Ужо ў канцы 1930 года яго вызвалілі з пасады, а ў студзені 1931-га – выключылі з камуністычнай партыі Беларусі.

Органы АДПУ сфабрыкавалі “контррэвалюцыйную нацыянал-дэмакратычную арганізацыю” пад назвай “Саюз вызвалення Беларусі”. Па ёй, як “ворагі народа”, і праходзілі народныя камісары асветы і земляробства Антон Баліцкі і Зміцер Прышчэпаў, прэзідэнт БАН Усевалад Ігнатоўскі, іншыя дзеячы нацыянальнага Адраджэння. 4 лютага 1931 года, не вытрымаўшы здзекаў і знявагаў, Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам: застрэліўся ў хатнім кабінеце. Пакінуў пасля сябе звыш 30 манаграфій, кніг, брашур і артыкулаў. Сярод іх асаблівае месца займае “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”.

Шыльда на будынку Камянецкай бібліятэкі, фота Уладзіміра Хільмановіча

Пахаваны ў Менску на Вайсковых могілках. У 2007 годзе ў сталічным мікрараёне Дамброўка з’явілася вуліца ў гонар Ігнатоўскага. Яго імя носіць таксама Камянецкая раённая бібліятэка.

Беларускае Радыё Рацыя