17 жніўня ў Менску адкрыюць помнік Уладзіміру Мулявіну



Фінансавалі стварэнне помніка ўлады Екацярынбурга. У 2014 годзе помнік народнаму артысту СССР, заснавальніку ансамбля „Песняры” быў адкрыты на яго радзіме ў Екацярынбургу. Над скульптурай працаваў беларус Сяргей Логвін. Праз тры гады ўлады Екацярынбурга вырашылі зрабіць падарунак да 950-годдзя Менска і прафінансаваць выраб помніка песняру.

Некалькі месяцаў таму стала вядома, што ў беларускай сталіцы з’явіцца не копія скульптуры, усталяванай у родным горадзе музыканта, а зусім іншая кампазіцыя. Яе аўтар – Аляксандр Каструкоў, які стварыў раней мемарыяльную дошку, усталяваную на доме, дзе жыў Мулявін, і надмагілле на яго магіле.

Месцам устаноўкі помніка быў абраны сквер каля філармоніі, дзе працаваў песняр, а цяпер імя музыкі носіць тутэйшы бульвар.

Помнік зроблены з ўральскай бронзы, яго адлівалі ў Смаленску.

Першапачаткова абмяркоўвалася ідэя ўсталяваць у Менску помнік аўтарства Сяргея Логвіна, аналаг якога стаіць у Екацярынбургу, але высветлілася, што гіпсавыя формы з таго часу не захаваліся.

Адкрыццё скульптурнай кампазіцыі адбудзецца раніцай 17 жніўня.

ej.by