18-га красавіка ў „Арт-сядзібе” даэфірны паказ фільма “Госці”



У “Арт-сядзібе” адбудзецца даэфірны прэм’ерны паказ дакументальнага фільма “Госці”, знятага для тэлеканала “Белсат”.

“Зняў фільм рэжысёр Андрэй Куціла – удзельнік і прызёр шматлікіх міжнародных кінафестываляў”, – паведаміў сябра «Арт-сядзібы» Зміцер Афанасенка.

– У суботу будзе на паказе прысутнічаць дырэктарка Беласату, яна прыехала ў Менск. “Арт-сядзіба” проста прадастаўле пляцоўку.

Галоўны герой фільма Аляксей Шчадроў калісьці працаваў фельчарам у “Хуткай дапамозе”. Па выкліках часта даводзілася забіраць на вуліцах бяздомных людзей, але праз некалькі кіламетраў брыгада зноў выкідала іх на вуліцу. Трапіўшы за краты, Аляксей сам аказаўся нікому не патрэбны.

Турма перавярнула светапогляд былога фельчара. Яго ідэалам стала маці Тэрэза – увасабленне хрысціянскага ўзору трываласці, міласэрнасці ды любові да адрынутых. Па вызваленні Аляксей некалькі гадоў бадзяўся і жыў пры касцёлах.

Пасля пасяліўся ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну, дзе зарганізаваў незвычайны прытулак, стаў прымаць і даглядаць бедных, хворых, бяздомных людзей, дапамагаць ім аднавіць дакументы і вярнуцца да нармальнага ладу жыцця.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя