2018-ы – Год малой радзімы
Аб’яўленне 2018-га Годам малой радзімы стане дадатковым імпульсам для развіцця мясцовых традыцый і звычаяў. Такое меркаванне выказала першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Яна прыняла ўдзел у пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама.
„Думаю, што ў план мерапрыемстваў па правядзенні Года малой радзімы будуць уключаны ўсе ўстановы культуры, у тым ліку музеі, сельскія клубы. Вялікую ўвагу плануецца ўдзяліць арганізацыі свят вёсак, раённых фестываляў, прысвечаных народным традыцыям і звычаям. Таксама рашэнне пасадзейнічае развіццю дамоў рамёстваў, прыцягненню ўвагі турыстаў і прыезджых да творчасці мясцовых умельцаў”, – лічыць Ірына Дрыга.
Паводле яе слоў, тэма малой радзімы знойдзе адлюстраванне ў творах мастацтва, канцэртах, прымеркаваных да дзяржаўных свят.
Ірына Дрыга таксама праінфармавала, што міністэрства ў бягучым годзе мае намер змяніць падыходы да дзейнасці па ўстаноўцы твораў манументальнага мастацтва. Плануецца распрацаваць план на бліжэйшую перспектыву ў гэтай сферы. „Чакаем прапановы ад рэгіёнаў і Мінска”, – дадала яна.