215 на дваіх: у Вільні адзначылі адразу два дні народзінаў



У Вільні адзначылі адразу два дні народзінаў: 100-годдзе “Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча” і 115-годзе выдання “Наша ніва”. Іх гісторыі падобныя тым, што яны спынялі сваё існаванне – і аднаўлялі.

Віленскі беларускі музей імя Луцкевіча быў адноўлены дзякуючы Людвіцы Кардзіс – цяпер ён месціцца ў Беларускім доме, дзе і прайшла імпрэза:

-Ад 25 сакавіка 2021 года Віленскі беларускі музей падпісаў дакументы аб арэндзе гэтага памяшкання з Віленскай мэрыяй. І з ліпеня месяца ўжо ёсць магчымасць ладзіць выставы. Людзі могуць азнаёміцца з нашымі экспанатамі. А навукоўцам – працаваць з імі.

На фота: Унучка Антона Луцкевіча Алеся Луцкевіч і дырэктарка Беларускага музея імя Луцкевіча Людвіка Кардзіс

А выданне “Наша Ніва” аднавілася у 1991 годзе. Сярод яго ветэранаў — Сяргей Харэўскі, які працаваў там да 2018 года.

– „Наша Ніва” – у чым яе ўнікальнасць, што яна заўсёды адпавядала часу і адпавядала патрабаванням часу. Ці гэта 10-ты год, ці 91-шы, ці гэта сучаснасць. “Наша Ніва” імкнулася аб’яднаць людзей наколькі гэта магчыма, злучыць самыя шырокія колы.

Да падвоенага дня народзінаў адкрыліся і дзве выставы. Першая прысвечаная гісторыі Беларускага музея ў Вільні.

А другая — “Наша Ніва” ў фотаздымках”.

Удзельнікі мерапрыемства таксама падпісалі паштоўкі да палітзняволеных прадстаўнікоў “Нашай Нівы”—Ягора Марціновіча і Андэя Скурко. Паштоўкі таксама незвычайныя: малюнкі на іх створаныя хрэсніцай Ягора.

Беларускае Радыё Рацыя