25 жніўня Петрусю Макалю было б 85



25 жніўня спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, публіцыста, драматурга Петруся Макаля (1932-1996).

Пятрусь Макаль нарадзіўся 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Крушыняны на Беласточчыне ў сялянскай сям’і. Бацькі Міхаіл і Людміла Макалі мелі кавалак зямлі. А пасля 1939 года, калі прыйшлі саветы, бацька перайшоў працаваць фінагентам у Крушынянскі сельсавет, бо прыватную зямлю ў яго забралі. Праз пяць гадоў Міхаіл Макаль не па сваёй волі з сям’ёй пераязджае ў Саратаўскую губерню. Але радавацца не было чаму. У 1946 годзе Міхаіла Макаля рэпрэсіруюць і высылаюць у Комі АССР, а жонка з сынам вяртаюцца ў Беларусь на Гродзеншчыну. Пятрусь вучыцца ў школе, а потым паступае ў Гарадзенскі будаўнічы тэхнікум. Але тэхнікум пераводзяць у Магілёў і Пятрусь Макаль, правучыўшыся два гады, паступае ў Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы.

Пасля заканчэння інстытута, наш зямляк працуе літкансультантам у газеце „Гродзенская праўда”, дзе ў 1949 годзе друкуе свой першы верш.

Калі Петрусю Макалю споўнілася дваццаць тры гады, выходзіць у Менску яго першы паэтычны зборнік „Першы след”. Крытыка адразу заўважыла дэбют маладога паэта. У друку з’явіліся каля дзесяці рэцэнзій на яго кнігу. Назвы рэцэнзій гаварылі аб даволі ўдачным дэбюце: „Крепнущий голос” (часопіс „Советская Отчизна”), „Выпрабаванне вытрымана” („ЛіМ”), „Малады паэтычны голас” („Гродзенская праўда”), „Маладосць — гэта пошукі” (часопіс „Беларусь”) і іншыя.

Пятрусь і Галіна Макалі адпачываюць на дачы

Другі і трэці зборнікі Петруся Макаля „Вятрам насустрач” (1958) і „Вечны агонь” (1960) выявілі зацікаўленасць да філасофскага асэнсавання сучаснасці, да гісторыка-рэвалюцыйнай і маральна-этычнай тэмы. І ўсё ж скачком у развіцці паэта, словам яго сталасці сталі кнігі вершаў „Круглы стол” (1964) і „Акно” (1967). Асабліва глыбокай філасофскай думкай вызначаўся верш „Дзень добры, Бах!”. Паэт расказаў пра сваё ўспрыманне бунтарскай музыкі вялікага кампазітара, пра сваё разуменне яе. Алег Лойка тады пісаў, што „толькі ўзмужнелы юнак, поўны гордасці за сваю Радзіму і разам з тым знаёмы з вялікімі здабыткамі сусветнай культуры, змог напісаць гэты верш. Грамадзянская сталасць абумоўлівае творчую сталасць паэта — вось аб чым красамоўна гаворыць верш П. Макаля (Алег Лойка, „Сустрэчы з днём сённяшнім”, Мінск, 1968 г., с. 102). А яшчэ з гэтых зборнікаў даўно хрэстаматыйным стаў верш паэта, які пачынаецца са слоў:

Мае радкі — не лесвіца ў вякі, Што недзе за туманнай рысай неба. Мае радкі — працяг маёй рукі, Якой мне столькі рук паціснуць трэба! Усім, чыёю ласкай даражу, Паспеў сказаць я толькі: — Добры ранак!.. Мне не заснуць, Пакуль я не скажу: — Дзень добры!.. — Добры вечар!.. — Дабранач!..

Пасля Гародні Пятрусь Макаль пераязджае ў Менск. Вучыцца ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах. Спачатку працуе ў „ЛіМе”, затым пэўны час быў рэдактарам па эстрадным рэпертуары Міністэрства культуры Беларусі, памочнікам галоўнага рэжысёра па рэпертуары ў Тэатры юнага гледача, старшым рэдактарам выдавецтва „Мастацкая літаратура” і рэдактарам аддзела паэзіі ў часопісе „Маладосць”.

Пятрусь Макаль у войску (крайні злева на пярэднім плане),1955 г.

Але дзе б не працаваў Пятрусь Макаль, яго ніколі не пакідала паэзія. „Ён быў паэтам, які востра і балюча адчуваў жыццё, чуйна і імгненна выбухаў сэрцам на ўсе яго змены і ўзрушэнні”, — пісаў пра яго Казімір Камейша. За кнігу вершаў „Поле” Пятрусь Макаль у 1980 годзе атрымаў Літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова. А ў 1984 годзе за зборнік паэзіі „Смак яблыка” — Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы.

Паэзія Петруся Макаля заўсёды вызначалася шырынёй погляду на свет, філасафічнасцю, лёгкай іроніяй і сарказмам. Ён быў паэтам-лірыкам, паэтам-грамадзянінам. Сусед па кватэры, журналіст Андрэй Юдчыц, пра Петруся Макаля сказаў так: „Гэта было шчасце — мець такога суседа. Паміж намі не прабегла ніколі нейкая там кошка, нават кацяня не прабегла. Ён жыў па-чалавечы — шчыра, проста, не выстаўляючы сябе. Сумленны паэт, сумленны чалавек, ён жыў па спрадвечнай беларускай прымаўцы: „ніколі не капай яму другому”. І, сапраўды, гэта было так. Яно адчувалася і ў вершах:

Дапамога павінна быць хуткай, Дапамога павінна быць ціхуткай. Скажыце, каму па душы дапамога, Што пра сябе трубіць многа?.. Дапамагайце, як дождж палеткам, Дапамагайце, як пчолы кветкам.

Пятрусь Макаль шмат пісаў пра дзяцей. У гэтых творах ён умела выкарыстоўваў беларускія фальклорныя традыцыі, узбагачаў іх, адкрываў дзецям таямніцы роднага слова, вучыў іх любіць прыроду, бацькоўскую зямлю. Юным чытачам паэт прысвяціў некалькі сваіх кніг. Сярод іх — „Хлопчык будзіць сонца” (1966), „Песня згоды” (1983), „Чарадзейная скарбонка” (1987), „Я гатую абед” (1989). Наш зямляк пісаў таксама казкі, апавяданні і нават загадкі. Іх любілі дзеці, бо яны былі напісаны вельмі шчыра, а найперш лёгка чытаюцца:

Па пакоі ходзіць робат — У яго гумовы хобат… Суне ўсюды доўгі нос. А завецца… пыласос.

Пятрусь Макаль вельмі любіў тэатр. Яго жонка Галіна працавала артысткай Тэатра юнага гледача ў Менску. Пісаў ён п’есы і амаль ва ўсіх спектаклях, пастаўленых па яго п’есах, Галіна Макаль выконвала ролі. Сумесна з Артурам Вольскім наш зямляк напісаў драматычныя творы „За лясамі дрымучымі” і „Марынка-крапіўніца”. Былі напісаны і ўласныя п’есы „Адчыніце, казляняткі!”, „Дай вады, калодзеж!”, а таксама лібрэта араторыі „Запрашэнне ў краіну маленства” (музыка Яўгена Глебава).

Творчы вечар Петруся Макаля ў Салігорску, 1976 г.

Пятрусь Макаль пражыў не так і многа — усяго 64 гады. Яго не стала ў канцы жніўня 1996 года. Нашчадкам ён пакінуў цудоўную паэзію, прозу, драматургію. Але найперш вершы:

Няма на зямлі адзіноты — Пустэчы, падобнай да смерці. Мы — ноты, мы — ноты, мы – ноты У чалавечым канцэрце…

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з архіва аўтара