280 гадоў з дня нараджэння Жана-Эмануіла Жылібера



Вучоны-прыродазнавец, лекар, заснавальнік першай на тэрыторыі Беларусі медыцынскай акадэміі ў Гародні Жан-Эмануіл Жылібер нарадзіўся 21 чэрвеня 1741 года ў мясцовасці Карэт паблізу Ліёна (Францыя). У 1760-1763 гадах навучаўся на медычным факультэце ўніверсітэту ў Манпельё. Пасля вучобы вярнуўся ў родны Ліён, дзе яго выбралі на пасаду прафесара анатоміі, хірургіі і натуральнай гісторыі мясцовага Медычнага каледжу.

Не зусім правільна меркаваць, што Жылібер з’явіўся у Гародні па запрашэнні няўрымслівага каралеўскага эканома Антона Тызенгаўза, які прагнуў у горадзе глабальных пераўтварэнняў. Насамрэч ініцыятыва ангажаменту зыходзіла ад Тадэвуша Даўнаровіча. Дзякуючы сваім еўрапейскім падарожжам 1773-75 гадоў паплечнік Тызенгаўза знаёміўся з развіццём прамысловасці, навінкамі сельскай і лясной гаспадаркі і там сустрэў Жылібера ўвесну 1775 года, калі шукаў каго запрасіць у Гародню. Ліёнскі вучоны меў тады канфлікт з лекарскім асяродкам і фінансавыя праблемы, ствараючы мясцовы батанічны сад. Жылібер прыняў прапанову, узяў з сабой каштоўны гербар і кнігазбор і 1 жніўня 1775 года выправіўся ў дарогу, дабраўшыся ў горад над Нёманам толькі пад канец году.

Прыехаўшы, Жылібер адразу ўзяўся за справу. Спачатку ён арганізаваў ветэрынарную школу, потым адкрыў пры ёй хірургічнае аддзяленне, а таксама школу акушэрак, дзе заняткі вяла спрактыкаваная ў гэтай справе францужанка.

Медыцынская акадэмія ў Гародні, малюнак Напалеона Орды

Навуковая дзейнасць Жылібера ў Гародні мела вельмі рознабаковы характар. За 11 гадоў працы ў Гарадзенскай акадэміі прафесар паспеў заснаваць батанічны сад, тую сама Швайцарскую даліну, які хутка стаў ведамы па ўсёй Еўропе. У парку налічвалася больш як паўтары тысячы рэдкіх раслін. Сучасны гарадскі парк – гэта толькі вартыя жалю рэшткі таго былога хараства. Акрамя таго Жылібер адкрыў музей прыроды, бібліятэку. Ён ініцыяваў перад старастам Тызенгаўзам адкрыццё на базе медыцынскай і ветэрынарнай школаў і батанічнага саду рэгіянальнай акадэміі навук, але гэтая прапанова не атрымала падтрымкі караля Станіслава Аўгуста. У Гародні натураліст паспеў выдаць два тамы “Флоры Літвы”.

Батанічны сад Жылібера ў 1777 годзе налічваў каля 1200 флоры. Падарожнік Уільям Кокс, які наведаў яго праз год, налічыў каля 1500 экзатычных раслін, сярод якіх былі бразільская хвоя, воцатавае дрэва, маньчжурскі гарэх. У садзе раслі таксама віды, з якіх вырабляліся лекі і патрэбныя для фарбавання кампаненты.

Але пасля краху праектаў Антона Тызенгаўза, медыцынская акадэмія ў Гародні зачынілася, бібліятэку перавезлі ў Віленскі ўніверсітэт, туды ж пераехаў і сам Жылібер. У Вільні ён заснаваў медыцынскі факультэт. Пяцітомная праца “Флора Літвы” (выданая на лаціне – “Flora Lituanica”) была завершана ў Вільні. Гербарый пакладзены ў яе аснову, змяшчае больш 7 тысяч узораў раслінаў, мохаў і лішайнікаў. Сабраных на тэрыторыі Гарадзеншчыны і прылеглых тэрыторый. Гэта быў першы батанічны збор на тэрыторыі Усходняй Еўропы, пры тым бальшыня экспанатаў сабраная на этнічна беларускіх землях. Група даследнікаў з Украіны апошнія гады падрабязна сістэматызавала і апісала гэтую калекцыю.

У 1783 годзе Жылібер пасля шэрагу скандалаў і інтрыгі, у якую была ўцягнутая жонка, вяртаецца на сваю Бацькаўшчыну, дзе бярэ ўдзел у рэвалюцыйных падзеях канца 18 стагоддзя, пад час якіх абіраецца мэрам Ліёну. Памёр ён таксама на радзіме ў знакавым 1814 годзе.

Ліён 18 стагоддзя

Яшчэ ў перабудовачны час стары гарадзенскі парк, што некалі называўся Швайцарская даліна, атрымаў назву імя Жылібера, на яго ўскрайку паблізу лялечнага тэатру пару гадоў таму ўлады паставілі помнік, у якім, як лічаць многія, увасоблены навукоўца.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя