У Менску адзначылі Дзень беларускай вышыванкі



Цягам некалькіх гадзінаў Дзень беларускай вышыванкі наведалі больш за 1.300 чалавек – і гэта не лічачы тых, хто падцягнуўся на музычную частку, што амаль да ночы адбывалася ў невялічкай прасторы «ДК» на вуліцы Талбухіна.

На думку Францішака Вячоркі, аднаго з каардынатараў кампаніі «Зробім лепш», адраджэнне беларускай вышыванкі, стварэнне моднага трэнду абумоўлена ўкраінскімі падзеямі. Дакладней, націскам так званага «русского мира» на суседнюю Украіну.

 Беларусы, па-першае, адчуваюць нейкую салідарнасць з украінскім народам і іх змаганнем за права быць незалежнымі. А па-другое, беларусы саспелі да таго, каб дэманстратыўна і адкрыта паказваць сваю беларускасць. Трэнд ужо створаны, ён ужо ёсць. І галоўнае, што мы можам зрабіць, – падтрымаць яго такімі рэчамі, як Дзень вышыванкі.

Мастак Алесь Марачкін называе Дзень вышыванкі добрай альтэрнатывай афіцыйным псеўданародным святам.

Свята, якое павінна была рабіць афіцыйная ўлада. Але ж улада настолькі дэградавала, што развешваюцца толькі велізарныя плакаты пра культуру, што нас яднае. А тут прыйшло столькі людзей. І гэта цешыць і душу, і сэрца.

Дзень беларускай вышыванкі прайшоў не толькі як фэст беларускай культуры. Падчас мерапрыемства можна было набыць тыя ж вышыванкі, стужкі, сувеніры з нацыянальнай сімволікай, зрабіць тату-арнамент. Прайшлі і майстар-класы для тых, хто хоча паспрабаваць сябе ў вышыўцы ці зрабіць нешта цікавае з гліны.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара