30 гадоў таму выйшаў настольны „Беларускі каляндар-1991”



30 гадоў таму выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” пад рэдакцыяй Алеся Петрашкевіча выпусціла першы ўнікальны настольны каляндар “для ўсіх аб усіх”. Ён прысвячаўся Максіму Багдановічу, і на яго старонках было шмат надрукавана твораў класіка беларускай літаратуры, ілюстрацый і згадак пра творчасць паэта.

Але “Беларускі каляндар-1991” друкаваў таксама шмат іншай разнастайнай інфармацыі. Гэта былі звесткі з галіны літаратуры, мастацтва, гісторыі, культуры, этнаграфіі, фальклору, астраноміі, метэаралогіі і г.д. Чытачы маглі даведацца безліч займальнага і карыснага са старых беларускіх каляндарных выданняў. “Беларускі каляндар” быў аздоблены чорна-белымі і каляровымі фотаздымкамі – а гэта і пейзажы, партрэты, помнікі архітэктуры, жывапіс, іканапіс.

Складальнікам “Беларускага календара-1991” з’яўляўся Віктар Бугаёў. Наклад выдання быў 20 тысяч асобнікаў. На вялікі жаль, з друку выйшлі толькі тры “Беларускія календары” на 1991, 1992 і 1993 гады.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя