30 гадоў выдаецца адрыўны каляндар “Родны край”



Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як пачаў выдавацца беларускі адрыўны каляндар “Родны край”. Ён быў задуманы і выдадзены выдавецтвам “Беларусь” у 1991 годзе. Выйшлі з друку ўжо 30 беларускамоўных цікавых кніжачак-календароў. А ў кнігарнях Беларусі з’явіўся “Родны край” і на 2022 год.

Самымі цікавымі календарамі “Родны край” былі календары, выпушчаныя ў 1990-х гадах. Наклад першых календароў дасягаў 26 тысяч, цяпер – 4 тысячы.

Тым не менш, адрыўны каляндар “Родны край“ выдаецца да сённяшніх дзён і радуе чытачоў і калекцыянераў.

У ім шмат гадоў аматары беларускай гісторыі і культуры знаходзяць цікавыя звесткі пра жыццё і дзейнасць знакамітых асобаў Беларусі: вучоных, пісьменнікаў, акцёраў, мастакоў, архітэктараў, дасягненні якіх былі гонарам Бацькаўшчыны. Аматары паэзіі прачыталі і чытаюць у календарах вершы беларускіх паэтаў, смяшынкі, анекдоты, байкі.

Значнае месца ў “Родным краі” займалі і займаюць матэрыялы на тэмы выхавання дзяцей і медыцыны, спорту і турызму, прыроды і экалогіі, здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання, падабраныя з улікам даследаванняў вучоных і дактароў. З радасцю і захапленнем у календарах чытаюцца карысныя побытавыя парады, рэцэпты прыгатавання страў нацыянальнай і сусветнай кухні.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя