365 гадоў з дня смерці Сільвестра Косава



23 красавіка спаўняецца 365 гадоў з дня смерці Сільвестра Косава, праваслаўнага царкоўна-грамадскага дзеяча, пісьменніка-палеміста і публіцыста Рэчы Паспалітай, Кіеўскага мітрапаліта. Нарадзіўся ён у канцы 16-га стагоддзя ў маёнтку Жаробычы (цяпер Шумілінскі раён, Віцебская вобласць). Паходзіў з праваслаўнай сям’і гродскага пісара Адама Косава. Род Косавых належаў да незаможнай беларускай шляхты.

Пачатковую адукацыю Сільвестр Косаў атрымаў у Віленскай брацкай школе, дзе выявіў рэдкую схільнасць да навукі. Вышэйшую адукацыю ў галіне філасофіі, рыторыкі і граматыкі атрымаў у каталіцкіх школах – Люблінскай езуіцкай калегіі і Замойскай акадэміі. Імаверна, вучыўся таксама ў Оламоўцы (Чэхія) і Вене (Аўстрыя). Пасля вяртання ў Вільню, у канцы 1620-ых гадоў распачаў педагагічную дзейнасць у брацкай школе пры манастыры Святога Духа, дзе стаў выкладчыкам рыторыкі і тэалогіі. У 1631 годзе прыехаў у Львоў, выкладаў у Львоўскай брацкай школе ва Успенскай царкве. Летам таго ж года сустрэўся з пячорскім архімандрытам Пятром Магілам, які запрасіў яго ў Кіеў. У 1632 годзе заняў пасаду прэфекта і выкладчыка рыторыкі ў лаўрскай (магілянскай) і брацкай кіеўскіх школах. Пасля ад’езду рэктара брацкай школы Тамаша Яўлевіча з Кіева ў Магілёў, узначаліў ужо аб’яднаную Кіева-Магілянскую калегію, у якой стаў прафесарам. Адначасна кіраваў брацкай школай у Вінніцы. Уваходзіў у так званы «Магілянскі гурток» – аб’яднанне выдатных кіеўскіх гуманістаў.

З 1633 года Сільвестр Косаў стаў архімандрытам Кіева-Пячорскай лаўры, з 1635 года – епіскапам Мсціслаўскім, Аршанскім і Магілёўскім, з 1647-га – мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі. Канфліктаваў з полацкім і віцебскім уніяцкім архібіскупам Антонам Сялявам. У снежні 1648 года мітрапаліт Сільвестр урачыста прывітаў Багдана Хмяльніцкага пры яго ўездзе ў Кіеў. Аднак да аб’яднання з Масквой Сільвестр Косаў ставіўся непрыхільна, быў таксама супраць безагляднага збліжэння з Польшчай. Бараніў незалежнасць Праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай і яе знаходжанне ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярха. Дамагаўся роўнасці праваслаўнай царквы з каталіцкай.

Літаратурная спадчына Сільвестра Косава даволі значная. На старонках сваіх твораў ён прадставіў і абгрунтаваў адметную канцэпцыю гістарычна-культурнай арыентацыі Праваслаўя. У 1635 годзе ён выдаў на польскай мове пропаведзь, напісаную ў двух варыянтах, празаічным – «Cherubin przy akcie pogrzebnym… ojca Jozepha Bobrykowecza» і вершаваным – «Echo zalu na glos lamentuecego… Iozepha Bobrykowicza». У тым жа годзе апублікаваў «Патэрыкон, або Зборнік жыццяў святых пячорскіх айцоў», які пазней двойчы перавыдаваўся на царкоўнаславянскай мове: у 1661 і 1678 гг. Таксама ў гэтым годзе апублікаваў і выдаў у Кіеве гісторыка-публіцыстычны твор «Экзегезіс». Іншыя сачыненні мітрапаліта Сільвестра: «Аб сямі сакраментах» (першае куцеінскае выданне 1638 г.) і «Дыдаскалія» (1637 г.). У перыяд з 1635-га да 1637 г. Косаў падрыхтаваў «навуку для святароў», напісаную ў форме катэхізіса. Упершыню твор быў публічна прачытаны аўтарам 19 кастрычніка 1637 года на Магілёўскім праваслаўным саборы. «Дыдаскалія» доўгі час з’яўлялася незаменным дапаможнікам для праваслаўных святароў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.

Памёр Сільвестр Косаў у красавіку 1657 года.