43-я прэзентацыя “Беларускай глыбіні” – у Слоніме



У нядзелю, 1 лютага, у Слоніме адбылася 43-я па ліку прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня”. На прэзентацыю прыйшлі сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл.

Павел Севярынец распавёў пра людзей, якія былі яго сукамернікамі, адбывалі разам пакаранне ў спецкамендатуры № 7 вёскі Купліна на Пружаншчыне, наведвалі яго там, сустракаліся на прымусовай працы, вернікаў цэркваў, сяброў і аднадумцаў – герояў яго “Беларускай глыбіні”. Не абмінуў Павел Севярынец і лёс беларусаў, якія ўнеслі важкі ўклад у гісторыю многіх краін свету.

Прыйшоўшых на сустрэчу, цікавілі не толькі факты знаходжання былога палітвязня на “хіміі”. Людзі жадалі паслухаць меркаванні маладога палітыка і пра тое, што рабіць далей, каб жыццё беларусаў змянілася да лепшага, людзі цікавіліся яго поглядамі на падзеі ва Украіне, а таксама звярталі ўвагу на мясцовыя праблемы і раіліся адносна метадаў іх вырашэння. Шмат было размоў і пра будучыя выбары прэзідэнта Беларусі.

У канцы сустрэчы, жадаючыя маглі атрымаць “Беларускую глыбіню” з аўтографам аўтара. Павел Северынец таксама адказаў на розныя асабістыя пытанні слонімцаў. Ён таксама спыніўся і на дзейнасці БХД.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.

Фота аўтара.