5 чэрвеня – дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай



5 чэрвеня – дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы зямлі беларускай. Еўфрасіння стала першай усходне-славянскай жанчынаю, якую праваслаўная царква абвясціла святой.

Яе прызнае святой і каталіцкая царква. Еўфрасіння Полацкая (у міру Прадслава), нарадзілася каля 1104 года ў Полацку ў князеўскай сям’і, але Прадслава абрала для сябе іншае жыццё: пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла манаскі пострыг. За манастырскімі сценамі Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын таго часу ў Еўропе, асветніцай і мецэнаткай.

На яе замову полацкі дойлід Іаан у ХІІ ст. збудаваў храм Спаса — найвыдатнейшы помнік полацкай архітэктурнай школы. Таксама яна замовіла полацкаму майстру Лазару Богшу знакаміты Крыж, які стаў нацыянальнай святыняй Беларусі.

Еўфрасіння памерла ў 1167 годзе падчас паломніцтва ў Святую зямлю. З пачатку мінулага стагоддзя яе мошчы захоўваюцца ў заснаваным ёй Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры.

[manual_related_posts]