50 гадоў з дня адкрыцця Гудзевіцкага музея



Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей 2 лютага адзначае роўна 50 гадоў з дня свайго адкрыцця. Першых наведнікаў ён прыняў невыпадкова паўвека таму ў гэты дзень – стваральнік гэтага ўнікальнага асяродку Алесь Белакоз прымеркаваў адкрыццё экспазіцыі наўмысна да 130-ых угодкаў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага.

Гудзевічы зрабіў знакамітымі адзін чалавек – Алесь Белакоз. Хоць гэтая вёска ў сучасным Мастоўскім раёне мае ў сваёй гісторыі цэлы шэраг іншых цікавых людзей. Музей літаратурнага краязнаўства заснаваны Белакозам быў у 1965-ым годзе. Менавіта тут паўстаў першы стэнд прысвечаны вялікай паэтцы Ларысе Геніюш. Яна вучылася ў Гудзевічах у пачатковай школе ў 1919-20 гадах. Пра тое, як збіраліся экспанаты, ходзяць цэлыя легенды. Гэтыя легенды – абсалютная праўда і яе расказваў сам Белакоз. На якія дыпламатычныя хітрыкі і дасціпныя камбінацыі ён толькі не ішоў, каб здабыць тую ці іншую рэч, якая пазней займала належнае месца ў экспазіцыі і ашчадна зберагалася. Тут можна ўбачыць старажытны човен, знойдзены і адкапаны на Нёмане, багатую калекцыю мінералаў, лісты і кнігі падпісаныя класікамі беларускай літаратуры, унікальную калекцыю падвойных дываноў, адзіны ў свеце глобус па-беларуску, вырабы мясцовых кавалёў, збор народнага адзення, іншыя каштоўнасці.

 

Гудзеўскі (на варыянце Гудзеўскі, а не Гудзевіцкі, настойваў менавіта сам Белакоз) музей – сапраўдны асяродак беларускай тоеснасці, адлюстравання нашага мінулага. Белакоз, які пачынаў у юнацтве як радыкальны маладзён, пазней абраў іншы кірунак дзейнасці і праз сваю далейшую музейную справу зрабіў уплыў на тысячы беларусаў, знайшоў культурны ключ, дзейсны шлях адбітку на сведамасці тых, хто ад вякоў імкнуўся “людзьмі звацца”, але так і не даспеў да належнай грамадска-нацыянальнай супольнасці. Музей рос, шырыўся і прырастаў новымі экспанатамі. Створаны на грамадскіх пачатках пры школе, ён у 1990-ым годзе на золку суверэнітэту атрымаў статус дзяржаўнага. І атрымаў гэты знак якасці абсалютна заслужана за сваю адметнасць і зборы – агульная плошча экспазіцыі складае больш 700 квадратных метраў, а зберагаецца ў гэтым асяродку больш 12 тысяч экспанатаў.

Музей, які стварыў Белакоз, не пакідаў абыякавым нікога, як і сам яго дырэктар. Калі хто прыязджаў у Гудзевічы і казаў, што мае толькі паўгадзіны, Белакоз адразу наўпрост мовіў “да пабачэння!”, звычайныя яго экскурсіі доўжыліся тры-чатыры гадзіны – і гэты час пралятаў незаўважна для шматлікіх наведнікаў.

Музей і яго стваральнік зазналі нямала перашкодаў і выпрабаванняў. Людзі ў плашчах “кофейного цвета”, як іх называў сам спадар Алесь, праводзілі ўсялякія “прафілактычныя” гутаркі, сачылі за тэматыкай экспазіцыі і за самым дырэктарам. Але нават у савецкі час ніхто не дадумаўся спыняць аўтобусы, якія выехалі на экскурсію ў Гудзевічы. У найноўшы час такое здарылася, што яшчэ раз падкрэслівае значнасць музея і яго стваральніка для нацыянальнага адраджэння. Урэшце пенсіянера Белакоза цынічна “спіхнулі” з пасады дырэктара, але ён працягваў свае незабыўныя экскурсіі.

Музей у Гудзевічах і Белакоз даўно сталі сінонімамі, альфай і амегай звычайнай па-сутнасці вёскі, якая прыдбала ведамасць у агульнабеларускім маштабе.

Напрыканцы жыцця Алеся Мікалаевіча музей у Гудзевічах зазнаў істотную мадэрнізацыю, магчыма страціў нейкі дух, але галоўнае – захаваў сутнасць і змест экспазіцыі. На пачатку агляду зараз усталяваны невялікі бюсцік стваральніка асяродку.

На жаль, музею пакуль не нададзена імя Алеся Белакоза. Гэтая недарэчнасць павінна быць абавязкова выпраўленая.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара