Пра тое, што згубілі: 55-ыя ўгодкі знішчэння Фары Вітаўта



У цэнтры гарадскога жыцця ў Гародні адкрылася выстава, прысвечаная 55-м угодкам знішчэння Фары Вітаўта, – найстарэйшага ў Гародні рыма-каталіцкага храма. Каля дзвух дзясяткаў фотаздымкаў паказаныя ў экспазіцыі з хатніх архіўных матэрыялаў, якія маюць у сваіх калекцыях гарадзенскія гісторыкі і калекцыянеры.

Для гісторыка Віктара Кірэева першыя ўражанні ад выставы – смутак, бо горад згубіў сваю архітэктурную дамінанту.

– Выставу я агледзеў і ўражанне такое, што разам з гэтай святыняй горад страціў нешта значнае, страціў частку свайго сілуэта. Гэты велічны храм быў адной з дамінант у нашым горадзе. Гэтую дамінанту мы згубілі ў 1961 годзе па віне чыноўнікаў, якія навыперадкі выконвалі “лінію партыі”.

Якой была і якой можа быць адноўлена славутая гарадзенская Фара Вітаўта могуць пабачыць гарадзенцы і госці горада над Нёманам, наведаўшы выставу „55”, якая экспануецца ў Цэнтры гарадскога жыцця. Яе можна наведаць да 19-га снежня.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара