634 гады таму была падпісаная Крэўская унія



14-га жніўня 1385 года, а гэта значыць роўна 634 гады таму, быў падпісаны дынастычны саюз паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім.

Спрэчкі ў некаторых навуковых асяродках, чым сталася гэтая падзея для гісторыі Беларусі, трываюць дасюль. Усё ж на тле геапалітычных канфліктаў Вялікае Княства Літоўскае стала часткай каталіцкай і еўрапейскай цывілізацыі, што захавала трываласць і ў будучым – самастойнасць нашай сярэднявечнай беларускай дзяржавы.

Станоўча ацэньвае Крэўскую унію таксама і прафесар Алесь Краўцэвіч: 

– Тое што працягвалася традыцыя саюзу з суседняй роднаснай дзяржавай – Польшчы і Літвы. Там ужо, пазнейшыя адносіны пасля Люблінскай Уніі, – прыспешаная паланізацыя, наступ конррэфармацыі, гэта ўжо былі нашыя ўнутраныя справы. Але ў гэтым выпадку быў працяг першага саюза паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім, які быў заключаны ў 1325 годзе паміж вялікім Гедымінам і Уладзіславам Лакеткам.

Крэўская унія прызнаецца ў Беларускай гісторыі як важная падзея, якая падштурхнула развіццё краіны ў саюзе з суседам, дала большыя магчымасці ў абароне ад хцівых тэрытарыяльных інтарэсаў Тэўтонскага ордэна, Крымскіх уладароў і Княства Маскоўскага.

У выніку Крэўскай уніі Вялікі князь Літоўскі Ягайла стаў каралём польскім і паспрабаваў зруйнаваць палітычны дуімвірат, які склаўся за часоў Альгерда і Кейстута. Але моцная апазіцыя, якую ўзначаліў Вітаўт Вялікі, не дала ажыццявіць намераў падпарадкавання Вялікага Княства Польшчы, хаця і захавала ленную залежнасць да канца жыцця Вітаўта.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя