У Глыбокім прайшоў другі вішнёвы фэст



Ён ужо не быў такім маштабным, як у мінулы год, і доўжыўся ўсяго адзін дзень. На свяце не было замежных гасцей, ды і глыбачанаў было няшмат.

Па словах некаторых жыхароў горада, людзі, напэўна, ужо стаміліся ад святаў, бо нядаўна горад адзначаў сваё 600-годдзе.

– У гэтым годзе з меншым размахам, бо адсвяткавалі 600-годдзе горада, Дзень Незалежнасці быў 3 ліпеня. Трошкі людзі стаміліся – тры святы за адзін месяц.

– У гэтым годзе было, магчыма, нават лепш. Мне ўсё спадабалася. Я сама люблю спяваць, танцаваць, бяру ўдзел у канцэртах. Вішань купілі, пірог быў смачны.

– Добра ўсё зрабілі. Арганізацыя добрая. У Глыбокім ужо прызвычаіліся рабіць усё з розумам. І надвор’е не стала перашкодай. Таму ўсё выдатна!

Тыя, хто наведаў свята, змаглі пабачыць тэатралізаванае шэсце, паслухаць канцэрт, патанцаваць, набыць вырабы рамеснікаў. А таксама адведаць  прылаўкі з прысмакамі на  вішнёвых панадворках ды паспрабаваць самы вялікі вішнёвы пірог, які разыгрываўся на аўкцыёне.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі