7 лістапада 1991 года: апошні іспыт для камуністаў і іх прыхільнікаў?
Трыццаць гадоў таму яны яго гучна правалілі, паказаўшы, чаго каштуе іхняя ленінская ідэя, жаданне захаваць і жыць у СССР. Савецкі апарат яшчэ працаваў, дэпутацкіх мандатаў на ўсіх узроўнях было больш у камуністаў і нягледзячы на прыпыненне ў жніўні 1991 года дзейнасці Кампартыі Савецкага Саюза, але яе роспуск адбыўся толькі ў лістападзе, акурат перад “чырвоным днём календара”.
Тым не менш у апошні раз на афіцыйным узроўні краіна Саветаў адзначыла свае галоўнае свята – Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі – 7 лістапада 1990 года. І тое ў многіх буйных гарадах, у тым ліку і ў Ьеларусі, адбыліся масавыя антыкамуністычныя мітынгі. Ужо праз год пампезных прамоў наменклатуршчыкаў і іх падхалімаў ніхто не пачуў.

Пазіцыі КПСС вельмі моцна падарваў жнівеньскі путч ГКЧП у Маскве. Але ж уся роўна не лічыцца з Кампартыяй, якая фармальна і прыпыніла дзейнасць, было глупствам. У яе руках па-ранейшаму заставаліся вялікія рэсурсы, хаця і заяўлялася пра канфіскацыю партыйных грошай, маёмасці. Афіцыйна на момант роспуску ў шэрагах налічвалася амаль 20 мільёнаў партыйцаў, толькі ў адной Кампартыі БССР звыш 650 тысяч чальцоў.
Як узгадваў дэпутат легендарнага Пінскага гарадскога Савета, мастак Яўген Шатохін (1947-2012), усе гэтыя акалічнасці прадстаўнікі дэмакратычнага лагера ўлічвалі. Не выключаліся варыянты рэваншу.

З правалам ГКЧПістаў, нацыянальна-дэмакратычны рух разгортваўся хутка ва ўсіх рэспубліках Савецкага Саюзу, нібы выбухнуў вулкан пасля доўгага зацішша. Краіны трымалі шлях да незалежнасці. Што ж датычна трох жнівеньскіх дзён 1991-га, то ў галавах людзей адбылася сапраўдная рэвалюцыя.
Прыклад Пінска іскрава ўсё адлюстраваў. Мясцовы Савет дэпутатаў, адзін з нямногіх асудзіў дзеянні путчыстаў і агучыў патрабаванне вярнуць краіне законнага прэзідэнта Міхаіла Гарбачова. Актыўны ўдзельнік тых падзей Яўген Шатохін узгадваў: “Пад прыгожымі лозунгамі камуністаў апынуліся ў эканамічным і палітычным тупіку. Краіна развальвалася на часткі, ўспыхвалі ўзброеныя канфлікты на нацыянальнай глебе, многія з якіх да гэтага часу не вырашаныя. Неабходнасць палітычных і эканамічных рэформ узнікла даўно, аднак даверыць іх правядзенне састарэлай эліце з партыйнымі білетамі было б неразумным. Нас вельмі здзівіла пазіцыя пінскіх камуністаў. Кіраўнік дзяржавы і іх ідэйны лідар знаходзіцца невядома дзе, а яны баяцца за яго заступіцца! Дэпутаты ад дэмакратычнага блока на сесіі казалі: “Хочам вярнуць вашага генеральнага сакратара, падтрымайце нас, прагаласуйце за патрабаванне аднавіць у краіне законную ўладу! Многія падтрымалі, і адпаведная заява гарсавета была прынята”.

Вось у скрачэнні заява пінскага дэпутацкага копуса надрукаваная 20 жніўня 1991 года ў нядаўна ўтворанай грамадска-палітычнай газеце “Пінскі веснік”:
“Насуперак логіцы і здароваму сэнсу, па даўно адрэпеціраваным сцэнары (1964 г. звяржэнне Хрушчова і прыход да ўлады Брэжнева, 1991 г. – Камітэт Нацыянальнага выратавання, Літва) не абвясціўшы заключэння лекараў пра здароўе Прэзідэнта, Янаеў і група „ястрабаў” абвясціла аб захопе ўлады нейкім дзяржаўным камітэтам па надзвычайным становішчы. Ясна, што дзяржаўны пераварот, зроблены невялікай групай асобаў, відавочна непапулярных, але якія маюць у руках, як ім здаецца, „вялікую дубіну” у асобе арміі, дзяржбяспекі і міліцыі, мае намер паставіць на калені народ, задушыць дэмакратыю, што нараджаецца і свабоду відавочна па надуманых падставах „хваробы” Прэзідэнта Гарбачова незаконна захапіць уладу, спрабуюць у чарговы раз падмануць народ крывадушным зваротам да яго. Усё гэта адбываецца напярэдадні падпісання Саюзнай дамовы, дзе наш народ навечна развітваўся з „сацыялістычным” выбарам, бо у назве краіны павінна было быць выкінутае слова „сацыялістычны”. Ясна, што дзяржаўны пераварот здзейснены прыхільнікамі вяртання краіны ў недалёкае мінулае, дзе ўсе мы жылі пад страхам і прыгнётам камуністычнай дыктатуры…Заклікаем вас праявіць грамадзянскую мужнасць, адмовіць у падтрымцы камуністычным дачаснікам…”.
Неўзабаве, па патрабаванню дэпутатаў з дэмакратычнага блока, Пінскі гарадскі выканаўчы камітэт стварыў адмысловую камісію, якая напрыканцы жніўня 1991 года апячатала будынак у якім размяшчаўся гарадскі і раённы камітэты Кампартыі, а таксама рэдакцыя газеты “Палеская праўда” (друкаваны орган мясцовых камуністаў). Партыйныя функцыянеры і іх журналісты, якія раніцай наступнага дня прыйшлі на працу, не наважыліся сарваць пячаткі.
Відавочная параза наменклатуры і іх прыспешнікаў. Толькі здабытыя грамадзянскія свабоды мелі хісткае становішча, трэба было іх бараніць і папярэдзіць рэванш чырвоных рэтраградаў.

7 лістапада 1991 года засведчыла, колькі з тых мільёнаў КПСС з’яўляліся звычайнымі кар’ерыстамі, прыстасаванцамі, баластам, якія ў першую чаргу і знішчалі краіну Саветаў знутры. Нешта сучаснае нагадвае… Замест выратавання “ленінскай партыі і яго запаветаў” учорашнія наменклатуршчыкі рынуліся шукаць сабе цёплае месца ў новых рэалях.
Цікавая ўсё ж гісторыя. На момант кастрычніцкага пераварота 1917 года бальшавікоў у рэальнасці было не так і шмат, хапіла б пару сотняў верных Часоваму ўраду жаўнераў, каб усіх кінуць за краты. Вось і ў апошнія дні існавання “ленінскага дзецішча” ідэйных камуністаў засталася жменя з нібы мільённай партыі.
На відэа антыкамуністычны мітынг у Менску, 7 лістапада 1990 года, прамаўляе лідар БНФ Зянон Пазьняк.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
