У Берасцейскім тэатры лялек адкрылася першая рэжысёрская лабараторыя

У Берсцейскім тэатры лялек пачала працу першая рэжысёрская лабараторыя «Метамарфозы тэатра лялек», паведаміла дырэктар БТК Тамара Паўлюковіч.
Для ўдзелу ў праекце заяўкі даслалі больш за 20 маладых рэжысёраў-лялечнікаў з Беларусі і Расеі. На працягу месяца яны прадстаўлялі ў тэатр свае эксплікацыі. У выніку экспертная камісія вызначыла чатырох пераможцаў. Увасабляць свае задумкі ў сцэнічныя накіды пад кіраўніцтвам экспертаў будуць адна беларуска і трое расіянаў. Па-за конкурснай праграмы ў лік слухачоў залічана таксама рэжысёр БТК Аліса Ярмак.
«Наколькі я ведаю, у Беларусі такіх лабараторый не было. Брэсцкі тэатр лялек, можна сказаць, піянер у гэтай справе. Мы самі знаходзімся ў творчым пошуку і вельмі зацікаўлены ў новых праектах, спектаклях, падыходах. Кожнаму ўдзельніку лабараторыі будзе прадастаўлена пляцоўка для пастаноўкі ў прасторы тэатра. З імі працуюць практычна ўсе нашы акцёры, для якіх гэта таксама добры вопыт », — адзначыла Тамара Паўлюковіч.
Вочны тур лабараторыі працягнецца з 12 па 17 кастрычніка. У праграме — трэнінгі і майстар-класы ад кіраўніка лабараторыі, трохразовага лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі рэжысёра Ігара Казакова, харэографа, артыста балета Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Яўгенія Іванова. На 16 кастрычніка запланавана лекцыя кандыдата мастацтвазнаўства і тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава «Праца акцёра з адчужэннем Брэхта».
Увесь гэты час удзельнікі будуць працаваць над эскізамі, якія прадставяць на суд экспертаў па заканчэнні лабараторыі. Лепшая праца можа ўвасобіцца ў рэальную пастаноўку на сцэне Берасцейскага тэатра лялек. Арганізатары спадзяюцца, што рэжысёрская лабараторыя на базе БТК будзе праходзіць на рэгулярнай аснове.
