75 гадоў з дня нараджэння Рыгора Семашкевіча



Беларускі паэт, празаік, літаратуразнавец, крытык Рыгор Семашкевіч нарадзіўся 12 верасня 1945 года ў вёсцы Дамашы Маладэчанскага раёну. Век гэтага таленавітага беларускага творцы быў, на жаль, вельмі кароткі, а яго біяграфія амаль невядомая шырокаму колу.

Паходзіў Рыгор Семашкевіч з сялянскай сям’і, бацькоў звалі Міхаіл Піліпавіч і Алена Дзмітрыеўна. Маці працавала даяркай, бацька – у зелянгасе, у сям’і было трое дзяцей. У 1961 годзе Семашкевіч скончыў Лебедзеўскую сярэднюю школу Маладэчанскага раёну. Далей паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, які скончыў у 1966 годзе. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў 1966-67 гадах працаваў дырэктарам Малінаўскай васьмігадовай школы Смаргонскага раёна. Вёска Малінавая, што ў Вішнеўскім сельсавеце, раней называлася Свінка і была перайменавана камуністычнымі ўладамі ў 1964 годзе.

У 1967 годзе Рыгор Семашкевіч паступіў у аспірантуру на кафедры беларускай літаратуры БДУ, скончыў аспірантуру ў 1969 годзе. У тым жа годзе стаў сябрам Саюзу пісьменнікаў БССР. З 1970 года Семашкевіч, атрымаўшы ступень кандыдата філалагічных навук, працаваў выкладчыкам, з 1976 году –  старэйшым выкладчыкам, потым дацэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Чытаў студэнтам лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры да 1917 года, вёў спецкурс па сучаснай беларускай літаратуры, кіраваў курсавымі і дыпломнымі працамі.  

Першыя вершы Семашкевіча з’явіліся ў друку ў 1961 годзе, калі ён яшчэ быў вучнем дзясятага класа. Пазней яго творы друкаваліся ў зборніку “Дзень паэзіі”, часопісах “Маладосць”, “Полымя” і іншых перыядычных выданнях. Рыгор Семашкевіч аўтар зборнікаў вершаў “Леснічоўка” (1968 год), “Субота” (1973 год), аповесці “Бацька ў калаўроце” (1976 год), кнігі “Лічыла дні зязюля” (вершы, аповесці, эсэ, 1987 год). Сярод іншага напісаў літаратуразнаўчыя працы “Браніслаў Эпімах-Шыпіла” (1968 год) і “Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе” (1971 год), кнігу “Выпрабаванне любоўю” (эсэ, артыкулы, 1982 год).

Рыгор Семашкевіч трагічна загінуў 11 чэрвеня 1982 года ў Мінску на 37-ым годзе жыцця. Пахаваны на Паўночных могілках беларускай сталіцы. Вось якім допісам адгукнуўся на смерць творцы паэт Рыгор Барадулін: “Рыгор Семашкевіч умеў як ніхто іншы мысліць маштабна, мысліць гістарычнымі пластамі, мысліць усім комплексам культуры. Ён быў інтэлектуальнай, ён быў духоўнай адзінкай, асобай, якіх так не стае нашай літаратуры, нашай культуры. Як у свой час, у нашым пакаленні Міхась Стральцоў, так у пакаленні Яўгеніі Янішчыц, Алеся Жука, Вольгі Іпатавай, Юркі Голуба, Рыгор Семашкевіч ствараў атмасферу разумення прадстаўнікамі свайго пакалення сябе ў часе, у гісторыі, разумення сваёй неабходнасці ў сучаснасці, у няспыннасці руху. Дзякуючы Рыгору Семашкевічу пакаленню памянёных паэтаў і празаікаў лягчэй было пазбыцца вучнёўства, роздумнай замаруджанасці, а паспяшацца стаць творцамі, якія нясуць адказнасць за свой час, за сваю эпоху, за пасляваенную ў год перамогі рунь. Ён быў надзвычай скупы на пахвалу і сам рашуча не цярпеў якіх бы там ні было кампліментаў у свой адрас, не дазваляў, каб яго пахлопваў па плячы нават прыжыццёвы геній. У нашай роднай літаратуры і культуры шмат апостальскіх фігур. Рыгор Семашкевіч з гэтай кагорты!”.

Беларускае Радыё Рацыя