90 гадоў з дня нараджэння Ніла Гілевіча



Народны паэт Беларусі, перакладнік, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня ў вёсцы Слабада (Лагойскі р-н). Паходзіў з сялянскай сям’і, у якой было 10 дзяцей. Бацька, Сямён Пятровіч, быў з беднякоў. Маці працавала на гаспадарцы. Дзед па маці, Мікалай Рулькевіч – слынны музыка, адмысловы садоўнік, кветкавод, заядлы галубятнік і варажбіт на картах.

У 1938 г. пачаў вучыцца ў Слабадской сямігадовай школе і да пачатку вайны скончыў 3 класы. Пасля вайны пайшоў у пяты клас у суседнюю вёску Гайна. Адначасна з вучобай у школе працаваў калгасным паштальёнам (1945–47 гг.). Пасля заканчэння сямігодкі (1947 г.) паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951 г. Апошні год вучобы спалучаў з працай выкладчыка нямецкай мовы ў адной з менскіх школ. Паступіў на філалагічны факультэт БДУ, дзе актыўна ўключыўся ў студэнцкае літаратурнае жыццё, плённа выступаў з вершамі. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1956 г.) было прапанавана месца ў аспірантуры, якую скончыў у 1959 г. 3 1960 г. выкладчык кафедры беларускай літаратуры БДУ. Цягам 1957–63 гг. навуковыя заняткі спалучаў з працай літаратурнага кансультанта ў газеце „Звязда”.

3 1968 г. дацэнт, з 1978 г. прафесар. У 1976–90 гг. – сябра прэзідыума, у 1980–89 гг. – першы сакратар праўлення СП БССР. 1981 – сакратар СП СССР. Галоўны рэдактар альманаха „Далягляды” (1975–81). Сябра праўлення Усесаюзнага таварыства савецка-балгарскай дружбы (з 1987 г.), старшыня Фонду славянскай пісьменнасці і славянскіх культур (з 1989 г.), старшыня Таварыства беларускай мовы (з 1989 г.), старшыня таварыства „Беларусь-Балгарыя” (з 1991 г.). 3 1985 г. – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (з 1990 г. –  старшыня яго Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны). За перакладчыцкую дзейнасць і прапаганду балгарскай літаратуры ўрад Балгарыі ўзнагародзіў яго ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, урад Югаславіі — ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. У 1986 г. стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева.

Пісаць вершы Ніл Гілевіч пачаў яшчэ хлопчыкам. У друку ўпершыню выступіў у 1946 г. Аўтар шматлікіх арыгінальных кніг паэзіі. Яго талент ярка раскрыўся ў розных паэтычных родах і жанрах. Вершы і паэмы вызначаюцца актыўным грамадзянскім пафасам, сцвярджэннем маральнай бескампраміснасці, публіцыстычнасцю і ў не меншай ступені мяккім задушэўным лірызмам. Аўтар рамана ў вершах „Родныя дзеці”, першага ў беларускай паэзіі вянка санетаў („Нарач”, 1964 г.). Важкія творчыя здабыткі Гілевіча ў галіне гумару і сатыры (каля 10 зборнікаў). Аўтар аўтабіяграфічнай аповесці „Перажыўшы вайну”. У творах Гілевіча выразна адчуваецца шырокае выкарыстанне фальклорных крыніц, вобразаў народнай паэтычнай творчасці. Многія яго лірычныя вершы паклалі на музыку беларускія кампазітары. Напісаў некалькі зборнікаў вершаў і паэм для дзяцей. Аўтар зборніка п’ес „Начлег на буслянцы”.

Актыўна выступаў у абарону нацыянальнай культуры, роднай мовы. Ніл Гілевіч – збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці. Уклаў і  некалькі тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах. Шырокай вядомасцю карыстаюцца пераклады Гілевіча з многіх славянскіх моў.

Памёр Ніл Гілевіч 29 сакавіка 2016 года ў Менску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач з магілай жонкі.