Абласны фестываль „Слонімскія цудадзействы”



У Слоніме ў суботу, 10 красавіка, пачаўся Гарадзенскі абласны фестываль узорных тэатральных калектываў “Слонімскія цудадзействы”. Гэта ўжо 13-ы па ліку фестываль, які сабраў у Слоніме тэатральныя калектывы з Гародні, Зэльвы, Ваўкавыска, Ліды, Мастоў, Шчучына, Іўя, Дзятлава.

Юныя артысты з Прынёманскага краю прывезлі на конкурс самыя розныя сцэнічныя пастаноўкі. З Ваўкавыскай гімназіі № 2 на суд гледачоў вынеслі спектакль “Як баба Яга дачок замуж выдавала”, з Дзятлава парадавалі гледачоў артысты спектаклем “Новы калабок”, са Шчучыншчыны гледачам спадабаўся спектакль “Скарбоначка бабулінай памяці”, а мастоўскія артысты прывезлі “Новыя прыгоды ваўка і казлянят” і г.д.

Позна ўвечары кампетэнтнае журы вызначыць пераможцаў, якія атрымаюць узнагароды.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара