Абвешчаныя лаўрэаты прэміі «Дэбют» (абноўлена)



Ганарары ў сённяшніх умовах не могуць быць крыніцай існавання для беларускіх пісьменнікаў. Застаецца разлічваць толькі на літаратурныя прэміі. Літаратурную прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ўручылі пісьменнікам-дэбютантам у сталічнай арт-прасторы “Цэх”.

Гаворыць намеснік старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў Усевалад Сцебурака:

– Сёмы раз адбываецца ўручэнне прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча. Сёлета мы – гэта прастора “Цэх” на вуліцы Кастрычніцкай. Падзея адбылася, у прынцыпе, у традыцыйнай манеры. Было тры цікавыя шорт-лісты, у кожным па тры фіналісты ў намінацыях “Паэзія”, “Пераклад” і “Проза”. Павел Бераговіч традыцыйна ўзначальваў журы як заснавальнік гэтай прэміі. Пераможцамі адпаведна сталі: Адэля Дубавец у намінацыі “Пераклад”, Міхась Бараноўскі ў намінацыі “Паэзія” і Андрусь Горват у намінацыі “Проза”.

На сённяшні дзень існуе дзевяць вагомых у грашовым вымярэнні недзяржаўных літаратурных прэмій для беларускамоўных літаратараў. Так, прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча прадугледжвае тры першыя прэміі, кожная па 3900 беларускіх рублёў і шэсць па 1000 рублёў. Усё гэта прыватная ініцыятыва. 

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара

* * *

Лаўрэатамі прэміі «Дэбют» 2017 года былі абвешчаныя Міхал Бараноўскі са зборнікам паэзіі «VOLUMEN 1», Андрусь Горват з кнігай прозы «Радзіва „Прудок”. Дзённік» і Адэля Дубавец з перакладам з польскай мовы кнігі Вітальда Шаблоўскага «Танец мядзведзяў». Яны атрымалі ад фонду «Вяртанне» па 3900 беларускіх рублёў.

Астатнія фіналісты атрымалі заахвочвальныя прызы ў памеры 1000 беларускіх рублёў. У намінацыі «Паэзія» Аляксей Арцёмаў з кнігай «Скрозь кіламетры» і Ганна Комар з кнігай «Страх вышыні», у намінацыі «Проза» — Андрэй Дзічэнка з кнігай «Сонечны чалавек» і Уладзімір Садоўскі з кнігай «1813», у намінацыі «Пераклад» — Надзея Кім з перакладам кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Хронікі Нарніі: пляменнік чараўніка» і Сюзанна Паўкштэла з перакладам кнігі Альвідаса Шляпікаса «Бог дажджу».

Летась прэмію атрымалі Анатоль Івашчанка (проза) і Святлана Рогач (пераклад).

Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам «Вяртанне» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Уручаецца за дэбютную кнігу аўтарам да 35 гадоў і даецца за творы ў жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч: паэзія, проза, мастацкі пераклад, паведамляе svaboda.org.