Аб’яўлены конкурс праектаў па аднаўленні Тураўскага крыжа XII-XIII стагоддзяў



Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) абвясціў конкурс эскізных праектаў па аднаўленні узвышальнага крыжа Тураўскай епархіі мяжы XII—XIII стагоддзяў, паведамляе афіцыйны партал БПЦ.

Узвышальны крыж з`яўляецца сакральнай рэліквіяй, якая выкарыстоўваецца падчас літургічнага дзеяння на свяце Узвышэння Крыжа Гасподняга.

Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 15 лістапада. У палажэнні конкурсу, апублікаваным на партале, адзначаецца, што кампазіцыйнае і пластычнае рашэнне Тураўскага крыжа павінна быць вытрымана „ў лепшых традыцыях усходнехрысціянскага праваслаўнага мастацтва мяжы XII—XIII стагоддзяў”, а таксама ўлічваць „практычнае выкарыстанне Тураўскага крыжа ў набажэнствах у адпаведнасці з традыцыяй праваслаўнай царквы”.

Удзельнікі конкурсу пры распрацоўцы мастацкага рашэння павінны ўлічваць „візуальнае ўспрыманне крыжа пры правядзенні набажэнства і размяшчэння яго ў храме для пакланення”.

„У 1962 годзе падчас раскопак тураўскага дзяцінца археолаг Пётр Лысенка выявіў мініяцюрныя свінцовыя выявы Найсвяцейшай Багародзіцы і трох святых: свяціцеля Кірылы Тураўскага, прападобнага Аўрамія Смаленскага і велікамучаніцы Варвары, — адзначаецца ў паведамленні на праваслаўным партале. — Згодна з высновай вучонага, выявы святых падзвіжнікаў уяўляюць сабой фрагменты страчанай святыні — узвышальнага крыжа з тураўскага кафедральнага сабора, разбуранага землятрусам у першай палове XIII стагоддзя”.

„Цяпер настаў час рэканструяваць Тураўскі крыж. Да ўдзелу ў конкурсе на аднаўленне святыні запрашаюцца ювеліры, мастакі, дызайнеры, скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю або досвед працы па стварэнні такіх мастацкіх твораў”, — падкрэслілі ў БПЦ.

belapan.by

Фота Katolik.life