Аб’яўлены набор у арт-рэзідэнцыю для беларускіх творцаў у Польшчы



Да 28 кастрычніка беларускія музыкі могуць падаць заяўку на ўдзел у арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў».

Арт-рэзідэнцыя «Дом творцаў» пройдзе ў лістападзе-снежні ў сталіцы Польшчы. Асноўны напрамак — сучасная эксперыментальная музыка і сучасная акадэмічная музыка. Падчас рэзідэнцыі створаць музычна-літаратурны твор, які прэзентуюць па завяршэнні праекту. У рэзідэнцыі могуць узяць удзел прафесійныя музыкі: інструменталісты і вакалісты. Таксама вітаюцца музыкі, якія працуюць з электроннай музыкай.

Дадзены праект з’яўляецца перш за ўсё падтрымкай рэпрэсаваных творчых асоб з Беларусі. Арганізатары забяспечваюць удзельнікам бясплатнае пражыванне на час рэзідэнцыі, праграму і актыўнасці, пакрываюць кошты праезду да месца рэзідэнцыі і харчаванне.

Аўтар беларускіх творчых праектаў, музыка Сяргей Доўгушаў паведаміў „Свабодзе”, што займаецца арганізацыяй «Дому творцаў» разам са сваімі аднадумцамі. А першы праект арганізавалі ў польскім мястэчку Бялка Татранская.