Ад Зачэпічаў да Кушлянаў: два святы ў адзін дзень



У суботу, 28 жніўня, на Гарадзеншчыне адбудуцца два святы – абласное Свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах на Дзятлаўшчыне і “Кушлянскі фэст” на Смаргоншчыне.

Свята паэзіі ў Зачэпічах пачнецца ў 11 гадзін, а “Кушлянскі фэст” – у 12 гадзін. Так што ў адзін дзень можна будзе пабываць на двух мерапрыемствах.

Пятае па ліку свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах збярэ творчых людзей вобласці, дзе каля мемарыяльнага знаку тром зачэпіцкім паэтам Граніту, Праменю, Струменю, адбудуцца выступленні пісьменнікаў, бардаў, самадзейных артыстаў Дзятлаўшчыны, прэзентацыя дзятлаўскага літаратурнага альманаха “Ятранка”. Падчас мерапрыемства будзе ўручана літаратурная прэмія імя Анатоля Іверса.

“Кушлянскі фэст” на радзіме Францішка Багушэвіча парадуе гасцей экскурсіяй па музеі Францішка Багушэвіча ад гаспадара сядзібы паэта Алеся Жамойціна, канцэртам-лекцыяй “Ад дуды да раяля” майстра народных інструментаў Алеся Лася, выступленнем фальклорных калектываў і кірмашом ад майстроў Смаргоншчыны.

У гэты самы дзень у Кушлянах пройдуць майстар-класы па беларускай лацінцы і вырабу сувенірных паштовак, адбудуцца мастацкі пленэр для дзетак, займальныя гульні, віктарыны, аквагрым і г.д.

Так што, сябры, хопіць дома сядзець, трэба Зачэпічы і Кушляны паглядзець! Таму да сустрэчы!

Беларускае Радыё Рацыя