Адам Трыпутнік: Мы вырашылі стаць беларускамоўнымі і таму з’явіўся “Gavarun.by”



Справа на ніве беларушчыны не мае гучнага розгаласу. Яе не падтрымліваюць дзяржаўныя інстытуты. Яна ідзе сіламі сціплых інтэлігентаў, якія, кожны ў сваёй сферы, развіваюць прастору Беларушчыны. Адной з такіх ініцыятываў стала агучка фільмаў і мультфільмаў па-беларуску творчай суполкай “Gavarun.by”. З яе кіраўніком Адамам Трыпутнікам, як Госцем Рацыі, гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.

Адам Трыпутнік: Называемся мы студыяй “Gavarun.by”. Займаемся лакалізацыяй кіно і мультфільмаў на беларускую мову. На сёння асноўны наш праект – гэта дзіцячы ютуб-канал “Гаварун. Мультфільмы па-беларуску”, дзе мы рэгулярна выкладаем мультфільмы з розных мультсерыялаў для дзяцей рознага ўзросту.

РР: З часоў братоў Люм’ер людзі ўсё менш займаюцца чытаннем, хаця можа гэта не самы слушны варыянт, але лягчэй скарыстацца з кіно. На колькі гэтая ідэя, як стрэмка, непакоіла вас, перш чым вы яе ўвасобілі ў рэальнае жыццё?

Адам Трыпутнік: Насамрэч усё адбылося даволі спантанна, хутка, можна сказаць, збег абставін, таму што я ніколі не планаваў чымсьці падобным займацца. Проста так склалася, што сышоў з мінулай працы, у нас нарадзіўся сын, мы вырашылі стаць беларускамоўнымі, мы заўжды былі аматарамі кіно, і вырашылі падцягнуць сваю беларускую мову, праглядаючы любімыя фільмы і мультфільмы. Пачалі нешта шукаць. І са здзіўленнем знайшлі, што ў інтэрнэце анлайн было даволі мала чаго паглядзець па-беларуску. І такая стрэльнула ў нас дзікая думка: давай-ка паспрабуем самі агучыць што-небудзь.

РР: А была ў вас такая ідэя, перш чым заняцца гэтай цікавай работай, сустрэцца з вашымі папярэднікамі. Вядома, што існавала некалькі суполак, якія яшчэ ў VHS выпускалі прадукцыю па-беларуску?

Адам Трыпутнік: Пяць гадоў таму я ведаў, што была толькі адна ініцыятыва, якая была яшчэ жывая, якая нешта там рабіла ў кіно па-беларуску. Вядома, я пачаў шукаць па інтэрнэце, якія яшчэ суполкі ёсць, хто яшчэ перакладаў кіно. Чытаў, знаходзіў пра розныя ініцыятывы, праглядаў іх фільмы. А сустрэцца ўжо не было такой магчымасці. Пазней, калі мы ўжо пачалі працаваць, напрыклад, мы сустрэліся з Віталём Станішэўскім, які раней перакладаў і агучваў фільмы. З другіх каманд да нас далучаліся людзі, і мы рабілі нейкія супольныя праекты.

РР: Для вас цяпер, паколькі вы малады тата, найважней, напэўна, свая мэтавая аўдыторыя. І я чуў, што вы апошнія месяцы працуеце па агучцы з удзелам дзяцей.  

Адам Трыпутнік: Так. Гэта ўжо сталася, калі мы пачалі дзіцячы праект. Раней мы былі скіраваны больш на кіно. А цяпер ужо год мы выпускаем менавіта кантэнт для дзяцей. І ў адзін з момантаў вырашылі пайсці далей, развівацца і запрасці на агучку дзяцей. Таму што ў мінулых працах беларускамоўных лакалізацыяў мультфільмаў практычна 95% за дзіцячых персанажаў чыталі тэксты дарослыя акцёры. А калі агучваюць дзеці, гэта гучыць вельмі натуральна, вельмі прыгожа. І мы вырашылі паспрабаваць прыцягнуць дзяцей. І атрымалася, я лічу, даволі няблага.

Цалкам размова:

Размаўляў Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя