Адбудзецца Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі



На Дзятлаўшчыне ў суботу, 22 жніўня, адбудзецца Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах.

Па словах арганізатара свята краязнаўца з Дзятлава Валерыя Петрыкевіча, абласное свята беларускай паэзіі пачнецца ў цэнтры Дзятлава ў 11 гадзін каля помніка Ігната Дварчаніна (1895-1937), якому сёлета споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння. Пасля адбудзецца пераезд на радзіму Ігната Дварчаніна ў вёску Погіры, дзе грамадскі дзеяч, паэт, літаратуразнавец, доктар філасофіі нарадзіўся. Там будзе ўрачыста адкрыта яму мемарыяльная шыльда.

Заключная частка мерапрыемства пройдзе ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна каля мемарыяльнага каменя мясцовых заходнебеларускіх паэтаў Петруся Граніта, Васіля Струменя і Гарасіма Праменя. У Зачэпічах выступяць паэты, барды і фальклорныя калектывы з Гародні, Ліды, Наваградка, Баранавіч, Менску і Слоніма. А дачка дзятлаўскага паэта Віктара Шымука (1933-1998) Таццяна Шымук з Менску прэзентуе яго кнігу “Чалавечая душа – праменьчык сонца”.

Запрашаем творчую інтэлігенцыю Беларусі на Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава