Адбылося ўрачыстае адкрыццё “Грунтоўні”
У першы дзень лета ў Берасці адбылося ўрачыстае адкрыццё краўдфанд-кафэ “Грунтоўня”. Крэатыўная прастора, пасля перапынку ў адзін год, будзе месціцца на новай пляцоўцы ў цэнтры горада па адрасе плошча Свабоды 18, корпус 1.
Падрабязней апавядае яе кіраўнік Вінцэсь Клімус:
– Насамрэч шмат чаго змянілася, апрача таго, што “Грунтоўня” – гэта прастора для правядзення культурных масавых мерапрыемстваў, івэнт-прастора. Зараз яна яшчэ працуе ў фармаце краўдфанд-кафэ, таму мерапрыемствы тут можна не толькі праводзіць, але і папярэдне збіраць неабходныя на іх сродкі. А тым наведвальнікам, якія зробяць дабрачынны ўнёсак, мы бясплатна прапануем кубачак кавы ці гарбаты і скарыстацца нашым памяшканнем у фармаце антыкафэ. Безумоўна, у той момант, калі тут не праходзяць іншыя мерапрыемствы.
На адкрыцці “Грунтоўні” была і музычная частка – невялікі акустычны канцэрт:
– Ёсць свабодная прастора. На афіцыйнай аснове можна ўсё зрабіць, і гэта, магчыма, нават акупіцца. Гэта вельмі класная тэма ў Еўропе, і гэта класная тэма для нас. Альтэрнатыва заўсёды павінна быць – і дзяржаўным святам, і гарадскім сцэнам.
Ранейшая “Грунтоўня” спецыялізавалася пераважна на нацыянальных культурніцкіх мерапрыемствах. Цяпер жа пляцоўка будзе рабіць ухіл на івэнты, якія запатрабаваныя сярод берасцейцаў. “Безумоўным застаецца толькі культурніцкі чыннік у нашай дзейнасці”, – зазначыў Вінцэсь Клімус.
[Not a valid template]
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара
