Адкрыццё выставы кніжнай графікі беларускіх мастакоў



Рэспубліканская мастацкая галерэя Беларускага саюза мастакоў запрашае на выставу кніжнай графікі беларускіх мастакоў, якая адбудзецца ў рамках XXVI Мінскай кніжнай выставы-кірмашу.

Адкрыццё выставы пройдзе а 17-й гадзіне 5 лютага 2019 г. па адрасе: г. Менск, вул. Казлова, 3 Палац Мастацтва. Уваход вольны. Выстава будзе працаваць 06 – 10 лютага 2019 г. штодня, акрамя панядзелка, з 11.00 да 19.00.

Адным з найвялікіх набыткаў чалавечай культуры з’яўляецца кніга. Любая кніга – не проста тэкст і выявы, але і твор мастацтва кніжнай графікі. Кніжная графіка – гэта і афармленне, і ілюстраванне кнігі. Да афармлення адносяць стварэнне макета кнігі, дэкарыраванне, прамалёўку шрыфтавых элементаў. Ілюстраванне вырашае задачы вобразнага раскрыцця літаратурнага тэксту пры дапамозе малюнкаў (ілюстрацый). У добрай кнізе няпроста прасачыць, дзе сканчаецца ілюстраванне і пачынаецца афармленне. Творчы працэс у мастацтве кніжнай графікі складаны і мае сваю унікальную спецыфіку. Пры дапамозе сродкаў выяўленчага мастацтва мастак кнігі павінен не толькі раскрыць ідэйна-мастацкі змест твора але і, захаваўшы пры гэтым адзінства вобразнага і дэкаратыўнага ладу кнігі са стылем пісьменніка, па сутнасці даць у сваім індывідуальным выяўленчым вырашэнні сучасную ацэнку літаратурнаму твору.

У экспазіцыі, што пройдзе у дзвух залах Рэспубліканскай мастацкай галерэі, і будзе уключаць у сабе каля 90 твораў кніжнай графікі, шэраг беларускіх мастакоў розных пакаленняў прадэманструюць лепшыя прыклады сваёй творчасці, звязаныя з мастацтвам кнігі. Побач з працамі такіх прызнаных мэтраў кніжнай графікі, як, Валерый Славук, Віктар Мікіта, Уладзімір Савіч, гледачам будзе прадстаўлена і творчасць мастакоў з пакалення 2000-х гадоў: Паўла Татарнікава, Юрыя Якавенкі, Генадзя Мацура, Ігара Гардзіёнка, Уладзіміра Даўгялы, Маргарыты Цімохавай, Тамары Шэлест. Таксама ўвазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены працы на тэму кніжнай ілюстрацыі студэнтаў кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

На прыкладах, якія ўключаюць у сабе не толькі традыцыйную ілюстрацыю, але і менш вядомыя грамадскасці, мастацтвы шрыфта ці кніжнага знака – экслібрыса – гледачы ўбачаць, як мастакі кнігі, на глебе традыцыйна высокага прафесіяналізму, не губляючы сувязі з адметнымі формамі, характэрнымі для школы беларускай кніжнай графікі, з лёгкасцю працягваюць засвойваць і прагрэсіўныя набыткі міравой школы мастацтва кнігі.

Трымаючы ў руках сапраўдную папяровую кнігу (новы томік любімых вершаў, ці зборнік цудоўна аздобленых мастаком дзіцячых казак), госці выставы атрымаюць цудоўныя эмоцыі, змогуць пагрузіцца ў яе сусвет, адчуць і зразумець яе гісторыю, ацаніць велічэзную працу не толькі аўтара, але і мастакоў, і ўсіх тых, хто падарыў кніге жыццё.

Спецыяльным мерапрыемствам на выставе 8 лютага 2019 г. стане ўзнагароджванне пераможцаў 58-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” па розных намінацыях прадстаўнікамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”.

budzma.by