Адкрыццё выставы Монікі Старовіч «Уцелясненне»



Аголеным можа быць не толькі цела, але і душа. «Уцелясненне» — так называецца выстава плакатаў і графікі мастачкі з польскай Сілезіі Монікі Старовіч, якая адкрылася ў менскай сядзібе Беларускага саюза дызайнераў.

Гаворыць сама мастачка. 

— Герой маіх прац — заўсёды жанчына, як на плакатах, так і ў графіцы і малюнках. На кожным ёсць жанчына, я ласкава называю іх «голыя бабы». І гэта не таму, што некаторыя з іх раздзетыя, а таму, што яны паказваюць сваё нутро і не саромеюцца гэтага. Для мяне гэта таксама своеасаблівае падарожжа унутр самой сябе, пошук сваіх увасабленняў, рэінкарнацый. Мне здаецца, што пры дапамозе мастацтва, мы дакранаемся да пэўнай святыні, да пэўнай таямніцы, дзякуючы чаму мы можам даведацца пра таямніцы сусвету. Я — гэта усе яны, а яны — гэта я.

Менская выстава Монікі Старовіч папярэднічае больш маштабнай выставе «Акадэмія 100 плакатаў» са збораў Мастацкай акадэміі ў Катавіцах. Абодва мастацкія мерапрыемствы адбываюцца, дзякуючы падтрымцы Інстытута Польшчы ў Менску.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара