Адкрыццё выставы “Сальвадор Далі” ў Менску



З 16 сакавіка па 30 чэрвеня 2019 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе працаваць Міжнародны выставачны праект «Сальвадор Далі», арганізаваны сумесна з ААТ «Інвестыцыйная кампанія «Гальперын і сыны».

Выстава праходзіць у рамках святкавання 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі будуць прадстаўлены больш за 100 твораў скульптуры, графікі, ювелірнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаныя адным з найбуйнейшых мастакоў ХХ стагоддзя. Таксама ў рамках выставы ў гарадской прасторы будуць размешчаны дзве манументальныя скульптуры Сальвадора Далі.

Выстаўленыя экспанаты з’яўляюцца часткай калекцыі «Сусвет Далі» (Dali Universe), якая лічыцца адным з самых вялікіх прыватных збораў скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Сальвадора Далі. Заснавальнік калекцыі і старшыня кампаніі «Сусвет Далі» Беніяміна Леві, італьянскі арт-дылер і калекцыянер, працаваў са знакамітым іспанскім мастаком у 1960-х гг., калі і пачаў збіраць калекцыю, асаблівую ўвагу надаючы трохмерным аб’ектам. Сёння Беніяміна Леві прызнаны як вядучы эксперт па бронзе Сальвадора Далі.

Творы з гэтай калекцыі былі прадстаўлены больш чым ў ста прэстыжных музеях і месцах па ўсім свеце, гэтыя выставы наведалі больш за дванаццаць мільёнаў чалавек. Такая незвычайная калекцыя адкрывае малавядомы аспект працы Далі, надаючы скульптуры галоўную ролю.

Сальвадор Далі – найбольш вядомы мастак сюррэалізму, што знайшло сваё адлюстраванне ва ўсіх сферах яго творчасці – жывапісе, скульптуры, дызайне, графіцы, кіно, модзе. Далі ўжываў сюррэалістычную канцэпцыю ва ўсім, пра што ён гаварыў і рабіў. Яго смеласць і мяцежныя адносіны да мастацтва аддалілі яго ад іншых і дазволілі яму стварыць некаторыя з самых вядомых і пазнавальных твораў ХХ стагоддзя. Нават праз трыццаць гадоў пасля смерці майстра ўплыў яго мастацтва можна ўбачыць па ўсім свеце.

Імя Далі чароўнае, яно застаецца культавым для сучаснага мастацтва.

Куратар выставы – Клёцкіна Вольга Сяргееўна, загадчык сектара міжнародных выстаў выставачнага аддзела.

budzma.by