Адкрыты прыём заяў на «Бардаўскую восень-2017»



Заявы на 24-ы беларускамоўны фестываль аўтарскай песні, які праходзіць у Польшчы, прымаюцца да 8 верасня.

«Гэта самы ўтульны і душэўны фестываль беларускай музыкі. Кожны канкурсант, музыка, гурт, які пабываў на гэтым фэсце, пацвердзіць гэта», – заяўляюць арганізатары «Бардаўскай восені». Сёлета ў Бельску Падляшскім і Беластоку пройдзе ўжо 24-ты па ліку фестываль аўтарскай песні. Адборачны канцэрт запланаваны ў Менску на 10 верасня ў клубе ILI.

Падаць заяву можа кожны выканаўца, як сольна, так і з гуртом. Галоўныя ўмовы – акустычнае гучанне і беларускамоўны рэпертуар. Дадатковай умовай з’яўляецца паўналецце выступоўцаў, што звязана з патрэбай афармлення візы і выезду за мяжу.

Адбор каардынуе Алесь Кот-Зайцаў, вядомы з гурта BosaeSonca. «Гэты фэст у маім жыцці прысутнічае ўжо больш за 10 гадоў і стаў чымсьці большым, чым проста музычная падзея. Гэта ўжо нешта сямейнае і роднае. Вельмі прыемна прыехаць у Бельск, удыхнуць восеньскага паветра і паслухаць, што з сябе ўяўляе на сёння наша аўтарская песня. Але перад гэтым нас чакае вялікі канцэрт у Менску, дзе будуць адабраныя тыя, хто паедзе на фэст і пазмагаецца за права звацца найлепшым беларускім санграйтэрам», – кажа Алесь.

Каб узяць удзел у менскім адборачным канцэрце «Бардаўскай восені-2017», трэба даслаць заяўку на мэйл vosien[email protected]gmail.com. Заяўкі прымаюцца да 8 верасня ўключна, у яе ўваходзіць анкета канкурсанта, дэма-запіс і фота.

СПАМПАВАЦЬ ФОРМУ ЗАЯВЫ (.DOC)

Фэст «Бардаўская восень2017» пройдзе ў апошнія выходныя кастрычніка ў Бельску Падляшскім у Польшчы.

Паводле tuzinfm.by