Адкрыўся Міжнародны фестываль „Падляшская культурная актава”



Рознакаляровыя нацыянальныя вопраткі, жывыя танцы і фальклорная музыка. Карагодам фальклорных калектываў з усяго свету пачалася „Падляшская культурная актава”. Міжнародны фестываль музыкі, мастацтва і фальклору праходзіць на Падляшшы ўжо сёмы раз. У час інаўгурацыйнага канцэрту ў Беластоку выступілі групы з Польшчы, Сербіі ды Адыгеі. Сярод выступоўцаў сёлетняга фестывалю таксама калектыў «Талака» з Ліды:

-У нашым калектыве ўсе ўдзельнікі – гэта працаўнікі нашых лідскіх «Электрычных сетак». Я – інжынер сувязі. У нашым калектыве ёсць бухгалтары, слесары, манцёры. Усе мы – энергетыкі. Нас аб’яднала любоў да роднай песні і танца.

Удзельнікі фестывалю:

– Вельмі прыгожа, добра. Шмат прадстаўнікоў розных народаў: беларусы, балгары, літоўцы, армяне, расейцы.

У час канцэрту ў Беластоку меўся выступіць таксама калектыў “Вязанка” з Менска. Па словах арганізатараў, менчукі не прыехалі ў Беласток і няма з імі кантакту. А ўжо заўтра Фестываль Падляшская культурная актава збіраецца ў падарожжа па цэлым ваяводстве. Мерапрыемства наведае між іншым Бельск Падляшскі, Нараўку, Сямятычы, Гарадок, Заблудаў ды Гайнаўку.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота kulturamonki.pl