Адразу ў трох дзяржаўных часопісах змяніліся галоўныя рэдактары



З пачатку ліпеня літаратурныя часопісы «Полымя», «Маладосць» і «Нёман» перадалі выдавецтву «Мастацкая літаратура». У іх цалкам змяніліся галоўныя рэдактары, што прайшло незаўважаным.

Апошнія дзевяць гадоў гэтыя выданні знаходзіліся ў структуры Выдавецкага дома «Звязда».

Часопіс «Полымя» ўзначальвала тэатральны крытык Алена Мальчэўская, «Маладосць» — перакладчыца Святлана Воцінава, «Нёман» — пісьменніца і перакладчыца Юлія Алейчанка.

Воцінаву звольнілі ў лютым, іншыя галоўныя рэдактары дапрацавалі на сваёй пасадзе да пачатку ліпеня, калі часопісы перадалі «Мастацкай літаратуры».

Цяпер галоўны рэдактар «Нёмана» — пісьменнік Алесь Бадак, які адначасова з’яўляецца дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Ён ужо ўзначальваў гэтае рускамоўнае літаратурнае выданне ў першай палове дзясятых гадоў.

Галоўным рэдактарам «Полымя» стаў паэт Віктар Шніп, які адначасова з’яўляецца галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Шніп — муж пісьменніцы Людмілы Рублеўскай.

Галоўным рэдактарам «Маладосці» стала Вольга Рацэвіч. Яна працуе рэдактарам выдавецтва. У яе перакладзе выходзілі кнігі ўкраінскіх пісьменнікаў.

nashaniva.com